Калядоўшчыкі сёлета завіталі не толькі ў хаты гарадзенцаў, але прайшлі па цэнтры горада ды наведалі кавярні на Раство, 7 студзеня. Міжвольныя гледачы на вуліцах спяшаліся зняць на мабільнікі незвычайную для горада з’яву, а наведнікі кавярняў горача падтрымалі нечаканых выступоўцаў ды паскакалі з імі ад душы.
Сцэнар мадэрнізавалі
Група калядоўшчыкаў, якая існуе ў горадзе ўжо больш за 25 год, сёлета ці не ўпершыню без папярэдніх дамоваў прайшла «рэйдам» па кавярнях горада. Каза, Мядзведзь, Дзед з Бабай, Цыгане ды Бусел у адпаведных строях прадстаўлялі традыцыйны сцэнар. Яны віншавалі людзей з Раством, весялілі песнямі, танцамі ды загадкамі, жадалі благаславення, добрага ураджаю і здароўя на цэлы год. Традыцыйна Каза напрыканцы выступу траціла прытомнасць ад голаду. Сёлета сцэнар крыху мадэрнізаваўся: Каза падала з-за крызісу, а яе гаспадыня — ад гора, што страціла жывёлу. Гледачы мусілі пачаставаць самлеўшых салам, мандарынамі або іншымі прысмакамі. Тады Каза з Бабай падымаліся, а калядоўшчыкі дзякавалі ды складалі пажаданні шчодрым гаспадарам.
Казу не пачаставалі
У першым месцы з камернай атмасферай ды невялікай колькасцю наведнікаў барыста быў рады нечаканым гасцям. Штопраўда, кліенты доўгі час не звярталі ўвагі і не рэагавалі на калядаванне. Між тым, яно мае быць інтэрактыўным, у выглядзе дыялогу гаспадароў і гасцей. Наведнікі кавярні адгукнуліся толькі на прапановы цыганкі ды загадкі ад Мядзведзя. На здзіўленне, Казу і Бабу не сталі ратаваць ні госці, ні гаспадар установы. Як калядоўшчыкі не схілялі бармэна да бясплатнага кубка капучына, а кліентаў да шакаладкі ці піражка, удзельнікам шоу прыйшлося падымацца з падлогі, так і не падсілкаваўшыся.
— А гэтае прадстаўленне было ў вас запланавана, праўда? — ціха пасля перапытвалі кліенты кавярні ва ўласніка, не верачы, што калядная традыцыя цягнецца нават сёння.
Хаця гледачы былі даволі стрымананымі, агулам паводзілі сябе ветліва, да таго ж дзякавалі за віншаванне па-беларуску.
Бабу пераблыталі са Снягуркай
У другой даволі буйной кавярні наведнікі сустрэлі людзей у строях радаснымі воклічамі. Наведнікі, падняўшыся з-за столікаў, сабраліся каля імправізаванай сцэны. На пытанне «А хто дома гаспадыня шчодрая?» ахвотна адгукнулася адна з кліентак кавярні. Найбольш гучна рэагавала на каляду кампанія турыстаў з Расіі. Яны адразу папярэдзілі, што ў іх грошы толькі на банкаўскай картцы, але праз нейкі час ужо шчодра кідалі ў калядны мех расійскія купюры. Падаецца, больш за ўсё мужчынам спадабалася Баба ў народным строі, якую яны чамусці ўвесь час называлі Снягуркай. Іншыя наведнікі кавярні з энтузіазмам адгадвалі загадкі ад Мішкі, гулялі ў «кракадзіла», паказваючы, як мужыкі ловяць рыбу і як пасля хваляцца ўловам. Прапанова патанчыць ды паскакаць разам з выступоўцамі таксама выклікала гучнае ўхваленне. Гледачы наўзахваткі прасілі сфатаграфавацца з персанажамі, захапляючыся аўтэнтыкай і ледзь не разрываючы на кавалкі Казу.
— Глядзі, якая прыгожая, як лялька. Буду ўсім паказваць фотку і казаць, што гэта мая жонка, — жартаваў адзін з мужчын, робячы здымак з калядоўшчыцай.
У дзвюх месцах не пусцілі на парог
Яшчэ ў некалькіх кавярнях пераапранутым персанажам не дазволілі павіншаваць гарадзенцаў.
— Дырэктар супраць, ён такога не любіць, — заявіў на ўваходзе ахоўнік, закрываючы плячыма ўваход ў залу. — Калі б да мяне дамоў прыйшлі, зусім іншая справа, — тлумачыўся ён.
У іншай кавярні кампанія паспела патанчыць пад папсовую музыку, стварыўшы неверагодны мікс традыцыйнага і сучаснага. Але выступіць упоўні перад аўдыторыяй так і не атрымалася.
— Калі вы не дамаўляліся загадзя з дырэктарам, то нельга, — забараніла адміністратар, хаця кавярня ўжо амаль зачынялася і наведнікаў было не шмат.
Дарэчы, не пусціць калядоўшчыкаў на парог заўсёды лічылася непрымальным. Гэта раўнялася да адмовы ад благаслаўлення, якое несла з сабою каляда.
Святочную атмасферу падтрымлівалі выпадковыя мінакі. Яны падчас шпацыру і спеваў Каляды на цэнтральных вуліцах самі віншавалі яе са святамі, здымалі на мабільнікі, а кіроўцы аўтамабіляў — сігналілі.
Калядаванне атрымалася інтэрнацыянальным
Калядаванне па хатах атрымалася традыцыйна добразычлівым. Гаспадары папярэдне самі запрашалі Каляду дадому і рыхтаваліся да яе прыходу: пакавалі пачастункі, вучылі калядныя песні.
Каб парадаваць і здзівіць тых гаспадароў, што прымаюць калядоўшчыкаў штогод, сцэнар заўсёды крыху змяняецца: з’яўляюцца новыя песні, элементы інтэрактыву і нават персанажы. Да прыкладу, сёлета на падлогу падала не толькі Каза, Мядзведзь дзяліўся жыццёвымі мудрасцямі, а ў адной з хатаў калядоўшчыкі ўвогуле паселі на падлогу і сталі спяваць разам з гаспадарамі, не хочучы сыходзіць. Каляда за вечар паспела наведаць Скідзель, Каробчыцы, Баранавічы і гродзенскія кватэры.
Цікава, што сёлятняе калядаванне насіла інтэрнацыянальны характар: сярод гледачоў былі таксама жыхары Украіны і Расіі, а да групы саміх выступоўцаў далучыліся госці з Пецярбурга. Высветлілася, што калядныя традыцыі ў народаў-суседзяў падобныя.