Жыхарам Гродна прапануюць навучыцца народным беларускім танцам. Этнавечарына пройдзе ў яблыневым садзе Новага замка на Замкавай вуліцы, 20 у нядзелю, 16 жніўня, а 15 гадзіне.
Паскакаць ды пакруціцца так, як гэта рабілі ў Гродне ў ХІХ стагоддзі, можа кожны жадаючы. Арганізатары навучаць такім класічным танцам, як полька, кракавяк, падыспань, лявоніха, «Месяц», «Лысы». Музычна імпрэзу аформяць гарманіст, дудары ды спявачкі са студэнцкага этнатаварыства. Прыйсці можна нават паасобку, хаця танцы — парныя. Адмысловыя строі, напрыклад вышыванкі, апранаць не абавязкова. Удзельнікі вечарыны пагуляюць таксама ў традыцыйныя беларускія рухавыя гульні «Явар», «Удавец».
Адначасова на паляне злядзяць кніжны пікнік, дзе ахвотныя змогуць пачытаць кнігі і часопісы з бібліятэкі імя Яўхіма Карскага, паглядзець выставу фотаздымкаў «Жыццё як імгненне». На буккросінгу «Выпусці кнігу ў свет» запрашаюць памяняць сваю кнігу на іншую. Увоход вольны. Падобныя сустрэчы ў Новым замку хочуць зрабіць традыцыйнымі. У нядзелю адбудзецца ўжо другая этнавечарына, а наступная плануецца праз месяц, расказаў адзін з арганізатараў Антось Янкоўскі.