Незвычайную школьную форму распрацавалі сталічныя дызайнеры. Убачыць на выставе ці набыць яе можна ў «Краме Ц» на Вялікай Траецкай вуліцы.
Беларускае дзіцячае адзенне з традыцыйным арнаментам, прызначанае для школы, упершыню ў краіне вырабіла майстрыха з Мінска Алена Моркаўка, ці Elen Carotte. Дзявочы строй складаецца з кашулі, спадніцы і пінжака. У хлопчыкаў замест спадніцы — нагавіцы. Адзенне пашыта з бавоўны, воўны або спалучэння лёну з бавоўнаю. На каўнеры, месцы засцёжкі і рукавах кашулі колеру нябеленага лёну размешчана вышыўка.
Распрацаваны і варыянт з карункамі для дзяўчынак. Астатнія элемены строя выкананыя ў барвовым колеры ці з тканіны ў кратку. Дадаткова да камплекта прапаноўваюць тканыя паясы як з арнаментам, так і без яго.
Набор строяў цяпер знаходзіцца ў гродзенскай «Краме Ц». Там можна паўзірацца на ўнікальную вопратку, набыць яе або замовіць пры адсутнасці патрэбнага памеру. Элементы строя можна ўзяць не толькі ў камплекце, але і паасобку.
Кошты на кашулі вагаюцца ў межах 500–550 тысяч рублёў, на спадніцы — 650–700 тысяч, нагавіцы — 700–750 тысяч, расказаў адзін з уласнікаў «Крамы Ц» Андрэй Нортан.