Усіх ахвотных навучаць беларускім народным танцам на бясплатных курсах беларускай мовы «Мова нанова: Гародня» у панядзелак, 11 мая, а 19:00.
На заняткі па тэме «Танцы» завітаюць госці з Мінска — традыцыйны музычны калектыў побытавых танцаў капэла «На таку». Артысты пакажуць танцы, уласцівыя гарадзенскаму рэгіёну, а таксама распаўсюджаныя па ўсёй Беларусі: лявоніху, падыспань, «Месяц», «Суботу». Разынкай імпрэзы хочуць зрабіць беларускую польку, якую па задуме станчаць пяцьдзесят пар. Вядома, канчатковая колькасць залежыць ад тых, хто прыйдзе на моўныя заняткі. Але арганізатары запрашаюць гарадзенцаў рознага ўзросту, супакойваючы, што ў пары не абавязкова мусяць быць хлопец з дзяўчынай. Да таго ж навучыцца рухам вельмі лёгка: ужо праз хвіліну-другую ўсе будуць танчыць, нібы займаліся харэаграфіяй усё жыццё. Дарэчы, два гады таму на святкаванні Купалля ў Любані капэла «На таку» зладзіла польку ў сто пар, расказаў вядоўца курсаў «Мова нанова: Гародня» Антось Янкоўскі.