X

Пасхальнае віншаванне архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія

Хрыстос Уваскрэс! Пасха Хрыстова — гэта свята дзівоснай перамогі над смерцю і цялеснай, і духоўнай. Смерць на зямлі цяпер не страшная для нас. Царква сцвярджае, што ў смерці мы сустракаем Хрыста, што Ён смерць ператварыў у сустрэчу з Сабой, у пярэдадзень уваскрашэння.

Фото: Сергей Людкевич

 

Таму не баімся больш мы, вернікі, хрысціяне, нікога, хто можа пазбавіць нас зямнога жыцця, — нам у Хрысце належыць жыццё вечнае.

Тым, хто падае духам і пакутуе пад прыгнётам розных нягод і нястачаў, неабходна вызваліцца ад роспачы і знайсці ў сабе новыя сілы для нясення дадзенага Богам жыццёвага крыжа.

Цуд Уваскрасення Хрыста не застаўся ў мінулым. Ён здзяйсняецца кожны раз у царкоўных богаслужэннях, калі пад выглядам хлеба і віна ў Таінстве Святой Еўхарыстыі мы прычашчаемся сапраўдных Цела і Крыві нашага Збавіцеля, уваскрасаючы душой разам з Ім. Таму ад кожнага з нас залежыць, ці стане збавіцельнае Уваскрасенне Хрыстова з’явай нашага ўнутранага жыцця, ці яно застанецца для нас толькі далёкай гістарычнай падзеяй.

Светлая радасць Уваскрасення Хрыстова спалучаецца сёння з цвёрдым спадзяваннем на перамогу праўды і святла ў нашым жыцці.

Related Post

Таму і няма месца тужлівай безнадзейнасці і адчаю ў душы хрысціянскай. Што б ні здаралася ў свеце, не бойцеся нічога! Мы жывем там, дзе Хрыстос, Які ўваскрэс з мёртвых.

Мы не сіроты ў гэтым свеце. З намі Айцец Нябесны!

У светлы дзень Пасхі Гасподняй малітоўна жадаю ўсім вам найвялікшай радасці — узаемнай любві і яднання ў Хрысце. З Пасхай Гасподняй!

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!