Прыйшла Каляда. Казе замест пачастункаў былі гатовы зрабіць штучнае дыханне

Калі раней Козачку ратавалі падсілкаваннем, то цяпер прапануюць зрабіць штучнае дыханне, выклікаць хуткую дапамогу ці ўвогуле здаць яе на мясакамбінат. Карэспандэнты «Вячоркі» разам з калядоўшчыкамі  завіталі ў кватэры гродзенцаў і даведаліся, як вечар на Раство зрабіць шчодрым.

У адной з кватэр сабака пароды хаскі так кружыў вакол «самлеўшай» Казы, што яна насамрэч ледзь не страціла прытомнасць са страху. Сучасныя гаспадары патрабуюць паказаць дыплом вучонага Мішкі і доказы, што перад імі сапраўды велічны конь, а не рагатая жывёлка. А на старую загадку пра гадзіннік, які «не есць і не п’е, а ходзіць і б’е», жанчыны адказваюць: міксер.

Раней калядоўшчыкаў чакалі ў кожнай вясковай хаце.

— Лічылася, што яны прыносяць благаслаўленне ў дом, здароўе, развіццё гаспадарцы, прадвяшчаюць добры ўраджай і дабрабыт у сям’і, — расказвае адзін з арганізатараў групы калядоўшчыкаў Юрый Седзянеўскі. — Было кепскім знакам, калі раптам каляда мінала хату. Гэтак маглі зрабіць, напрыклад, калі летась калядоўшчыкаў пакрыўдзілі ці не пачаставалі.

Сёння калядоўшчыкі хутчэй тэатралізуюць старадаўні абрад і імкнуцца паказаць гарадскім жыхарам, як святкавалі. Калядаванне спалучае ў сабе народныя традыцыі з хрысціянствам. Ёсць месца рэлігійным спевам пра Раство і зычэнням Божага благаслаўлення, а ходзяць калядоўшчыкі па хатах пераважна на свята Божага нараджэння па новым і старым календары. Сярод персанажаў з’явіўся Анёл, нязменнымі застаюцца Каза ды Мядзведзь. Каза звычайна падае з голаду і выпрошвае пачастункі, а Мішка паказвае фокусы ды водзіць карагоды. Што не змяняецца, дык гэта форма «аплаты» — у мех кідаюць ежу.

Related Post

Share
Published by
maryna_harevich_syargey_lyudkevich