X

«Мы такія неганаровыя». Як жывуць беларускія палякі ў Адэльску

Жыхары Адэльска лічаць сябе палякамі, размаўляюць на трасянцы, захоўваюць народныя беларускія традыцыі ды сябруюць з усімі. Мы завіталі ў іх свет і даведаліся, як адэльчане рыхтуюцца да Божага нараджэння ды жывуць на штодзень.

Лева — права, лева — права… Адэльчанка Рэгіна Саловіч памятае, як запраўляць ды снаваць кросны, рабіць касу ды ткаць прасціны з кашулямі. Фота аўтара

«Мы палякі з крві і косьці»

— А-ей, і харашо жывем! Дадуць грошаў — і ўжываем раскошаў. Шкада, што хутка прыляцело і ўміраць трэба. Во гэта бяда, — Марыя Голэнбевска кажа прыказкамі на ўласцівай менавіта Адэльску гаворцы.

Хутка бабулі споў-ніцца 88 год, але яна трымае курэй ды аполвае вялікі агарод. Пераязджаць да дзяцей не хоча — бо ў родным Адэльску ўсё сваё.

— Пенсію своечасова даюць? — пытаемся.

— Ужэж!

— А да касцёла ходзіце?

— Штодня! Калі толькі ест: удзень і ўначы. І то цала жыце, не толькі цяперака.

— А вы беларуска ці полька?

— Полька! — з гонарам адказвае Марыя Францаўна. — Тут усе палякі. Хаця цяперака ўсялякага сорту ёсць.

— Мы палякі з крві і косьці, — дадае яшчэ адна сталая жанчына Рэгіна Саловіч.

Праваслаўных дамоў цяпер каля пятнаццаці, раней дык зусім не было. Нядаўна прыехалі з дзесяць украінскіх сем’яў. Мясцовыя жыхары як сапраўдныя талерантныя беларусы запэўніваюць, што сябруюць з усімі.

Святы Антоні побач з Леніным

Аднак мястэчка па-ранейшаму застаецца з польскім прысмакам, а жыццё віруе вакол касцёла. Нават нерэлігійныя фэсты ды кірмашы пачынаюцца са святой Імшы. А ў цэнтры мястэчка ўсталявалі помнік святому Антонію Падуанскаму. Цікава, што з другога боку плошчы з ім добра ўжываецца Ленін.

— Мы такія неганаровыя, у нас і Ленін стаіць. А што нам — хай стаіць! Усё роўна гэта гісторыя, — пасміхаецца яшчэ адна наша суразмоўца пані Владзя, якая дапамагае ксяндзу ў касцёле.

Дарэчы, святы Антоні адлюстраваны на гербе Адэльска. Яго шануюць як свайго апекуна, просяць дапамагчы знайсці рэчы, якія згубіліся, звяртаюцца ў сур’ёзных патрэбах. Памаліцца прыязджаюць нават здалёк. Пані Владзя расказала цудоўную гісторыю сваёй хроснай. У той пасля родаў адняліся ногі, але пасля малітвы ў касцёле да святога жанчына вярнулася дадому сама.

Пякуць ламанцы…

Related Post

Касцёл згуртуе людзей таксама на свята Божага нараджэння, да якога тут ужо рыхтуюцца. Адэльскія ўмеліцы вышываюць да свята сурвэткі, елкі з тканіны ды іншыя вырабы.

— Сімвалам калядаў з’яўляецца певень ды васьміканечная калядная зорка, — распавядае кіраўнік гуртка па вышыўцы Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавалькова.

Не забываюцца тут і на ткацтва. Рэгіна Францаўна дагэтуль памятае, як заправіць кросны ды спраўляцца з калаўроткай.

Увечары 24 снежня сем’і збіраюцца на вігілію з поснымі стравамі, апоўначы ідуць на пастэрку — адмысловую Імшу на Раство. На святочны стол гаспадыні пякуць хатні хлеб, збіваюць свойскае масла ды вырабляюць сыр. Малочныя вырабы, а таксама бабка з кішкай ужо сталі харчовым «брэндам» мястэчка.

— Упярод («раней». — Заўв. «ВГ») пастэркі ўвечары не было. Была вігілія ў хаце, а пастэрка — раненько, ў сем часоў, — тлумачыць пані Владзя. — Гатовім вячэру: ламанцы пячэм, мак мелем, робім галубцы посныя з грыбамі, пярлоўкай ды маркоўкай. Модлімса, чытаем кусочак Эвангеліі. Пасля ўключаем Польшчу, слухаем календы, спяваем ды чакаем, каб пайсці да касцёла.

…ды прымаюць калядоўшчыкаў

Па хатах калядуе моладзь ды дзеці.

— І да вас заходзяць? — пытаемся ў Марыі Францаўны.

— Ужэж! Бо я жду!

— А чым частуеце?

— Мужчынам паўлітра паставіла, а дзецям рублёў трохі дасі, якіх пячэнняў, яблык, апельсін. Што маеш — не шкадуеш.

Бабулі ходзяць у клуб, спяваюць у хоры «Бабушкі-адэльшчанкі». Жартам кажуць, што танцуюць «польку ў дванаццаць кален».

Рухавыя тут жыхары ды самабытныя. Аднак вымірае паволі мястэчка: «Шэсць мужчын ці знойдзеце па ўсёй вуліцы?..» — бядуе пані Владзя.

— Ідзіце з Богам, шчаслівенька! — развітваюцца мясцовыя бабулі, і, падаецца, гэта так па-беларуску.