Палiна Рэспублiка: «З мовай трэба штосьцi рабiць, а не ганарыцца, што на ёй размаўляеш»

Маладая беларуская спявачка Паліна Рэспубліка сабрала поўную залу гродзенскага тэатра лялек у панядзелак, 3 лістапада. Яна расказала «ВГ», на што б прамяняла цяперашні псеўданім, якім плануецца першы альбом і... чаму мовай не трэба ганарыцца.

 

Паліна, ці было ў вас жаданне змяніць псеўданім Рэспубліка?

— Мне не падабалася сваё прозвішча. Я ў адзін дзень вырашыла, што буду называцца Паліна Рэспубліка. Так мяне прадставілі на фестывалі «Бардаўская восень», так напісалі СМІ, хаця ў мяне былі ўжо іншыя варыянты псеўданіма… Часам бывае сорамна за Рэспубліку — пафасна гучыць, а я сціплае дзяўчо. Зараз я б, можа, выступала пад сапраўдным імём. Раней мне падабалася імя Франка, свае песні ў інтэрнэт выкідала пад назвай Полюс.

Ці «завісаеце» ў сацсетках?
— Канешне, завісаю. Аднойчы напісаў чалавек з Казахстану, што шукаў калыханку для свайго сына і знайшоў маю. Сказаў, што я яму нагадала дзяцінства ў Беларусі, куды ён ездзіў да дзядулі і бабулі. Гэта класна!

Вас ужо пазнаюць на вуліцы?
— Бывае, калі пазнаюць. Неяк ехала ў тралейбусе, і незнаёмы хлопец пытаецца: «Паліна, вы выходзіце?» Гэта, ведаеце, страмнавата.

А на сцэну вам страшна выходзіць?
— Калі ёсць кантакт, не страшна, а калі нікога не бачыш, не разумееш, для каго спяваеш. Сёння першае выступленне у тэатры. Але гэта не першая «сур’ёзная» сцэна — была ў вялікіх залах ў Польшчы, у Львове ў зале на 700 месцаў.

Ці ёсць жаданне цалкам перайсці ад «дваровых» канцэртаў да вялікіх сцэн і акадэмічных інструментаў?
— Мне б хацелася, каб большасць канцэртаў адбывалася на вялікіх сцэнах. Але ва ўсім ёсць сваё хараство. Нядаўна выступала без мікрафонаў у польскай бібліятэцы сярод кніжак. Не ведаю, ці разумелі мяне тыя бабулькі. Цікава паспрабаваць сябе ў іншых абставінах.

Related Post

У якім накірунку змяняецца вашая творчасць?
— Усё, што мы зараз спяваем, — гэта ранняя творчасць, даробленая, асэнсаваная. Тое, што пішу цяпер, ніхто яшчэ не бачыў. Нам патрэбна выдаць альбом такім, як мы гралі апошнія тры гады, аддаць даніну гэтаму часу, правесці мяжу паміж дзяцінствам і юнацтвам і рухацца далей. Там будзе бачна, ці застанецца Паліна Рэспубліка, ці з’явіцца іншы праект. А можа, я ўвогуле стану інжынерам…

А калі без жартаў, кім хочаце працаваць — рэжысёрам ці спявачкай?
— Я вучуся на апошнім курсе Акадэміі мастацтваў на рэжысёра тэлебачання. Музыка забірае шмат, таму не хачу працаваць з 9.00 да 18.00. Рэжысура цікавая для мяне, хоць i складаная. Аднак у мяне не сфармавалася добрае бачанне, што я хачу сказаць. Можа, я зараз наспяваюся, а пасля зразумею нешта важнае, здыму сур’ёзны фільм і паеду ў Канны.

Ці вы зарабляеце канцэртамі?
— Пакуль спяваю не з-за фінансавай зацікаўленасці. Добра, што жыву з бацькамі. Канцэрты дапамагаюць фінансава, але самой жыць на гэтыя грошы было б цяжка — гэта менш сярэдняга заробку па краіне. Мы ладзім таксама дабрачынныя канцэрты і канцэрты для душы. Хачу запісаць альбом, і там даход пойдзе ў мінус. Можна стаць камерцыйным праектам, каб прадзюсер укладваў у мяне грошы і я рэкламавала калготкі.

Дзе на Украіне любіце бываць?
— Мяне ўразіў апошні вялікі акустычны фестываль у Львове. Я люблю тую публіку, яна ўмее аддаваць. Туды, дзе вайна, мяне мама не пусціць. Я сама негатыўна стаўлюся да ваенных дзеянняў. Калі б адчувала небяспеку ў іншых украінскіх гарадах, можа, туды б не ездзіла.

Чым для вас з’яўляецца беларуская мова?
— Я размаўляю па-беларуску з 17 год, але не стала, у мяне рускамоўная сям’я. Маю прынцып: у ролі Паліны Рэспублікі размаўляю толькі па-беларуску. Пераходжу на рускую, толькі калі мае словы будуць перакладаць. Размаўляеш на мове, і гэта становіцца пазіцыяй: я такі асаблівы, паглядзіце! Але мова — гэта сродак. На ёй трэба штосьці рабіць, а не ганарыцца тым, што на ёй размаўляеш. Класна, што зараз з мовы спрабуюць зрабіць мэйнстрым. Яе сучасным чынам прасоўваюць у моладзь, грамадства, людзі змяняюць стаўленне да мовы. Добра, калі пасля яна застанецца як штосьці звычайнае, на чым можна рабіць незвычайныя рэчы. Але каб усе размаўлялі па-беларуску, трэба сур’ёзна прымусіць. Калі знойдзеш у мове нешта сваё, думаю, яно застанецца.

Даведка «ВГ»

Паліна Рэспубліка (сап-раўднае прозвішча Паланейчык) з’явілася на беларускай сцэне ў 2011 годзе і хутка стала папулярнай. Перамагла на фестывалі «Бардаўская восень — 2011» у Беластоку. Выконвае ўласныя, пераважна лірычныя, песні на беларускай, рускай, украінскай і французскай мовах пад гітару ды іншыя інструменты. Жыве ў Мінску, ёй 20 гадоў.

Share
Published by
maryna_harevich