У Гродне ўпершыню зладзілі свята кавалёў

  Кавалі ствараюць металічныя дрэвы і кветкі, жывёлаў і птушак. Але прызнаюцца, што пакупнікі замаўляюць саўкі ды качэргі.

Упершыню падчас фестывалю нацыянальных культур кавалі саткалі ў Гродне свой “Жалезны кужаль”. Менавіта так называлася выстава-продаж каваных вырабаў у Швейцарскай даліне.

“Толькі хардкор!” – з’яўвілася думка пры падыходзе да гэтай асобнай пляцоўкі, дзе гучыць адпаведная музыка. Некалькі столікаў з сапраўды мужчынскімі творамі, кузня на свежым паветры, распалены агонь і самі кавалі ў фартухах ды рукавіцах. Яны прыехалі з розных беларускіх гарадоў. Бачна, што для хлопцаў гэты фэст — маленькае свята.

На металічнае дрэва прысела смешная варона ў акулярах, а побач скрынка з надпісам “Вароне на сыр”. З зямлі на яе паглядае пацешны вожык з ружай у лапках. Падсвечнікі самых розных формаў, падковы, кветкі, нажы, вешакі і нават дыназаўр. Усё зроблена са звычайнага металу, між тым кожны аўтар мае свой стыль.

Армянін у супрацьсонечных акулярах Гагік Аганесян увесь час жартуе с пакупнікамі.

– Колькі каштуе гэты падсвечнік? – пытаюцца дзве жанчыны. Яны не супраць што-небудзь набыць, засталося выбраць што.

– Які кошт назавеце, за столькі і аддам! – не міргнуўшы вокам адказвае Гагік Рыгоравіч.

– Ну колькі гэта можа каштаваць: чатырыста, пяцьсот, трыста?.. – пакупніцы баяцца прагадаць.

– Трыста — дык трыста. Аддам за трыста! – абвяшчае армянін.
Вы што – жартуеце?! – жанчыны спяшаюцца адыйсці ад дзіўнага гандляра.

Related Post

– Я што – пакрыўдзіў іх чымсці, штосьці не так сказаў? – не разумее каваль. – Я ж свае словы не бяру назад. Я б аддаў…

Гагік Рыгоравіч прыехаў разам са сваёй жонкай з горада Крупкі з-пад Мінска. Ён цяпер ужо на пенсіі. Коўкай займаецца дзесяць год: “Золата – таксама метал, і срэбра – метал… А я люблю жалеза”. Майстру падабаецца выкоўваць рэчы, якімі можна карыстацца, а не тыя, што стаяць для ўпрыгожвання: “Вось качэргі, яны такія класныя, будуць служыць доўга, і не “жарэюць”. Каштуюць 40 долараў”.

Тут жа ладзіць воркшоп па коўцы малады татарын Юрый Шамсутдзінаў. Ён паходзіць з Мінску, але ўжо чатыры гады як прыехаў у Гродна, на радзіму жонкі Ксеніі. Працаваў кавалём на мінскім аўтамабільным заводзе, а ў Гродне заняўся самастойнай коўкай. Зараз куе шмат самых разнастайных прадметаў: лаўкі, люстры, качэргі, сувеніры, падносы.

– Цяжка вылучыць штосьці, што карыстаецца найбольшым попытам, — тлумачыць Юрый. – Апошняе, што замаўлялі, — гэта качэрга з саўком. Пачаўся дачны сезон, і людзі хочуць паказаць сваім сябрам, як прыгожа яны ўмеюць смажыць шашлыкі.

Зрабіць качаргу ў майстэрні Юрый можа за… дваццаць хвілін, ну, дваццаць пяць. А савок выкоўваецца паўтары гадзіны: яго выцягваюць з цэльнага кавалку металу. Карыстаючыся момантам, каваль адшуквае недзе на пляцоўцы свой савок і дэманструе мне. А праз некалькі хвілін кудысьці кідаецца і вяртаецца з “ірваным” падносам – нібы з дзіркамі па баках. Як дзіця, ён паказвае плён свайго натхнення. Без апошняга працы не будзе.

Share
Published by
maryna_harevich