У Фары ўсталявалі двухметровую скульптуру Яна Паўла ІІ

У дзень кананізацыі Яна Паўла ІІ у Гродна прывезлі парэшткі святога і ўсталявалі яго фігуру вышынёй амаль два с паловай метры.

Некалькі кропель крыві Папы на тканіне прывезлі з Кракава ў рэліквіярыі, што па форме нагадвае сонца. Гродна стаў другім месцам пасля Такеляў Воранаўскага раёну ў Беларусі, дзе з’явілася святыня. Пасля ўрачыстай імшы, якую ўзначаліў пробашч катэдры ксёндз Ян Кучынскі, вернікі дакрануліся да рэліквіярыя. У Фары ён будзе захоўвацца ў празрыстым сейфе каля алтара Маці Божай Ружанцовай (першы справа ад галоўнага алтара, калі стаяць да яго тварам).

Скульптуру Папы скончылі ўсяго некалькі дзён таму, усталявалі ў суботу ўвечары. Яе ствараў скульптар і жывапісец Васіль Мартынчук разам з памочнікам Міхаілам Латышавым і сынам Арсеніем. Працавалі пяць месяцаў. Фігура з гіпса, белага колеру, у вышыню дасягае 237 сантыметраў.

— Гэта мая першая сур’ёзная праца, — гаворыць Васіль Мартынчук. — Я і не мог падумаць, што буду рабіць нешта для Фарнага касцёла. Я і дагутэль не магу паверыць, што зрабіў гэта. Мне дапамагалі анёлы.

Майстар паходзіць з Украіны, але доўгі час жыве ў Гродне. Ксёндз Ян Кучынскі расказаў, што перад працай скульптар папрасіў аб благаславенні, кажучы, што сам не зможа стварыць. Пакуль распавядалі гісторыю стварэння фігуры, яе аўтар нават расчуліўся ад хвалявання.

Падчас святой імшы вернікам нагадалі пра цуд, які пацвердзіў святасць Пантыфіка. Жанчына з Коста-Рыкі мела рак мозгу і дактары не пакідалі ёй шансаў. Але родныя штодзень маліліся праз заступніцтва Яна Паўла ІІ. Калі жанчыну выпісалі дахаты ў цяжкім стане, яна ўжо была паралізаваная. 1 траўня 2011 года хворая паглядзела трансляцыю беатыфікацыі Яна Паўла ІІ, а на наступны дзень ёй стала лепш. Яна змагла сама падымацца і хадзіць, а пасля і выздаравела. Урачы не маглі растлумачыць такі выпадак. Пасля даследвання Ватыкан пацвердзіў праўдзівасць цуду.

Усяго Яну Паўлу ІІ прыпісваюць чатыры цуды. Сярод іх і аздараўленне манахіні, якая цярпела ад хваробы Паркінсона, як і сам Ян Павел ІІ.

27 красавіка ў Ватыкане Папа Францішак абвесціў Яна Паўла ІІ і яшчэ аднаго Папу — Яна ХХІІІ святымі. На плошчы Святога Пятра падчас урачыстасці прысутнічалі і пілігрымы з Гародні.

Related Post

 

Читайте также:

Чаму на Фару не вярнулі анёла?

В ночном небе Гродно «восстановят» Фару Витовта

Share
Published by
maryna_harevich