Кроў блаславёнага Яна Паўла II у адмысловым рэліквіярыі прыедзе ў гарадзенскую Фару 27 красавіка. У гэты дзень Папа Францішак абвесціць свайго папярэдніка святым.
Як расказаў ксёндз-пробашч касцёла святога Францішка Ксаверыя Ян Кучынскі, рэліквіі ўяўляюць сабой кроплі крыві Пантыфіка на матэрыяле, схаваныя ў рэліквіярый. Ён будзе ўрачыста ўнесены ў Фару а 12 гадзіне ў нядзелю 27 красавіка на галоўны алтар. Адразу пасля гэтага распачнецца святая імша, пасля якой рэліквіярый зойме сваё сталае месца каля алтара Маці Божай Ружанцовай. У гэты ж дзень у Фары ўсталююць фігуру Яна Паўла ІІ.
Рэліквіі ахвяраваў гарадзенскім вернікам арцыбіскуп Кракава кардынал Станіслаў Дзівіш. Ён доўгі час быў асабістым сакратаром Папы Яны Паўла ІІ.
— Гэта значная падзея для нашага касцёла, — мяркуе ксёндз Ян Кучынскі. – Папа Ян Павел ІІ заўсёды хацеў прыехаць на Беларусь. Цяпер гэтыя рэліквіі будуць нагадваць аб яго прысутнасці сярод нас. Малітва перад рэліквіямі — гэта не нейкае паганскае пакланенне парэшткам чалавека, а просьба аб яго заступніцтве за нас перад Богам.
Вядома, што Ян Павел ІІ з-за сваёй сціпласці не хацеў, каб пасля яго заставаліся рэліквіі, якім вернікі маглі б пакланяцца. Але пасля яго смерці засталася ампулка з крывёй, якую ў яго апошні раз узялі ў шпіталі на аналіз ды так і не паспелі апрацаваць. Вось гэтая кроў і распаўсюджваецца ў якасці рэліквіяў па свеце. Гродна не першае месца ў Беларусі, дзе будуць знаходзіцца рэліквіі святога. У мінулым годзе іх прывезлі ў вёску Тракелі Воранаўскага раёна, дзе знаходзіцца санктуарый Гарадзенскай дыяцэзіі.
Кананізацыя блаславёнага Яна Паўла ІІ адбудзецца на плошчы святога Пятра ў Ватыкане. Яе узначаліць Папа Францішак. Разам з Папам Янам Паўлам ІІ будзе кананізаваны Папа Ян ХХІІІ, які служыў на Пасадзе святога Пятра з 1958 па 1963 гады.
Чакаецца, што на ўрачыстасць у Рым прыедуць 5 мільёнаў вернікаў. Каля 200 чалавек едзе на кананізацыю з Гродзенская дыяцэзіі.
Дарэчы, за пахаваннем Яна Паўла ІІ 8 красаавіка 2005 года сачылі каля трох мільярдаў людзей у Ватыкане і пры дапамозе анлайн-трансляцыі.
Читайте также:
Чаму на Фару не вярнулі анёла?