У Глыбокім перад 600-годдзем горада збіраюць сродкі на рэканструкцыю помніка Леніну, піша Еўрарадыё. Таксама ў мястэчку плануюць усталяваць скульптуры Мюнхгаўзену ды Іісусу з самаранкай.
Помнік Леніну ў Глыбокім, што ў Вiцебскай вобласці, дэмантавалі ў 2012 годзе перад падрыхтоўкай горада да Дня беларускага пісьменства. Як сцвярджалі відавочцы, пры дэмантажы ён быў расколаты. Гэты помнік прыцягваў увагу турыстаў сваёй нягегласцю.
На месцы помніка была зроблена Алея славутых землякоў, на якой сярод іншых стаяць бюсты славутых беларусаў Вацлава Ластоўскага і Язэпа Драздовіча. Цяперашні помнік Леніну плануецца ўсталяваць на вуліцы, якая носіць імя правадыра бальшавіцкай партыі, непадалёк ад Глыбоцкага малочна-кансервавага завода.
У межах падрыхтоўкі да юбілея горад чакаюць і іншыя цікавосткі, паведамляе «Веснік Глыбоччыны». На плошча 17 Верасня плануецца ўстанавіць скульптуру «Іісус і самарыцянка», а на вуліцы Горкага — кампазіцыю Мюнхаўзена, над якой яшчэ ідзе праца.
Каля чыгуначнага вакзала на месцы старых і разбураных будынкаў з’явіцца квітнеючая паляна, а ў раёне возера Бяглец — сажалкі, дубрава і гай. На возеры Кагальнае зробяць фантан на вадзе з падсветкай. На яго беразе ўстановяць рарытэтную тэхніку, а з другога боку зладзяць сквер маладажонаў.
Глыбокае будзе святкаваць свой 600 дзень нараджэння ў ліпені.