Пятай культурнай сталіцай Беларусі стане Гродна. Афіцыйнае наданне гораду новага статусупрызначана на 18 студзеня. Рэгіянальныя ўлады распрацавалі план прыкладна з трохсот мерапрыемстваў. Яго павінны зацвердзіць у бліжэйшыя дні.
У кожным месяцы будзе ладзіцца адна цэнтральная культурная падзея і ішныя меншага маштабу. Намеснік старшыні галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі расказаў, што плануецца правесці святы, якіх у нас ніколі дагэтуль не было. Напрыклад, фестывалі кавалёў ды філатэлістаў.
Цікава, што магчымасць выказаць свае прапановы была і ў гарадзенцаў. Падчас абмеркавання, што адбылося ў снежні, моладзь выказала ахвоту зладзіць фестываль графіці. Пра падобны досвед тады распавёў Юрый Стукала, жыхар Магілёва — культурнай сталіцы 2013 года. Падчас акцыі графітчыкам дазволілі размаляваць гарадскія пабудовы.
Нядаўна зарэгістраваная арганізацыя «ВелаГродна» можа падрыхтаваць у наступным годзе веламарафоны. Сярод прапановаў была і распрацоўка турыстычных шыльдаў ля старажытных будынкаў у дадатак да QR-кодаў, якія размесцяць ў гістарычным цэнтры ў наступным годзе.
Аляксандр Вярсоцкі адзначыў, што ўлады ахвотна прымуць ініцыятывы, аднак выказаў сумненні, што актыўнасць гродзенскай моладзі пойдзе далей за словы і ператворыцца ў канкрэтныя справы.
Ці атрымаецца пабудаваць культурную сталіцу разам, ўбачым ужо праз некалькі месяцаў.