«Ну ты і каза!» — карысталіся магчымасцю мае прыяцелі ў апошнія тыдні, і ім за гэта нічога не было. Каляды для нас пачаліся за месяц да першага выхаду «ў свет».
Аднавіць і вывучыць сцэнар, адрэканструяваць зоркі, размеркаваць ролі, адшукаць строі ды скруціць анёлкаў у падарунак гаспадарам — вось задача на гэтыя вечаровыя часіны рэпетыцый. Напачатку прапановаў шмат — давайце вывучым новыя спевы, давайце набудзем у падарунак магніцікі, давайце дадамо персанажаў ці зробім сцэнар больш хрысціянскім…
«Го-го-го, каза!»
У рэчаіснасці ж, каб быць добрай Казой, няшмат трэба — гарэзліва паскакаць ды ўпасці, не пашкодзіўшы сябе ды іншых. А мяне ж сенам… хлебам не кармі — дай паскакаць. Адно толькі, што пры падзенні заўсёды ў прастору памяшкання не змяшчаюцца непрывычныя рогі, таму галава на падлозе ўвесь час скручаная набок. Ды чамусьці ссінячаная каленка дагэтуль ные. Карацей, Казой я была ўжо другі год запар. Калегі па цэху кажуць, няблага атрымліваецца. А чаму б і не паскакаць дзеля харошых людзей?
У Мішкі-Весялухі заданне будуецца хутчэй на творчасці, а не на фізічных здольнасцях. А сябры не стамляюцца прыдумляць новыя загады: «А ну, Мішка, пакажы, як мужыкі ў лазні мыюцца!», «А як жонка сустракае мужа с працы?», «А як мужык суп варыць?», «А як гаспадыня да свята рыхтуецца?», «А як дзеці ў школу прачынаюцца?» Часам Мішка цяміць на хаду, як і што паказваць, падумаць няма часу. А мінулым годам дык увогуле Мішка быў самым пацярпелым, бо ўпаў па прыкладзе Казы, хоць і не рыхтаваўся да гэтага. Справа ў тым, што падлога была слізкай, дык Мішка, як скочыў, так і лёг на абедзве лапаткі ды яшчэ ўдарыўся рознымі часткамі цела — на шчасце, абыйшлося без «хуткай».
Фінская полька і Adeste Fidelis
Сцэнар спрабавалі разнастаіць фінскай полькай, казу хацелі прымусіць танчыць у стылі «Go-go-go, каза!» ці «Опа гангам стайл» і зрабіць персанажаў больш сучаснымі. У выніку вывучылі спеў на лаціне Adeste Fidelis ды крыху разнастаілі традыцыйны рэпертуар. А на апошняй рэпетыцыі сярод цыганаў, габрэяў, казакоў, беларусаў ды жывёлаў з’явіўся Анёл. Кампанія атрымалася разнакаляровая, улічваючы і тое, што сярод калядоўшчыкаў былі праваслаўныя, каталікі рымскага і грэцкага абрадаў, пратэстанты і тыя, хто яшчэ не вызначыўся з веравызнаннем. Гэтым разам да нас яшчэ далучыліся чацвёра новых ахвотных ды вярнуўся ў групу пасля перапынку першапачаткоўца ініцыятывы — ужо са сваімі дзецьмі. Дарэчы, традыцыі калядавання ў Гродне пачалі аднаўляць год дваццаць таму.
«Ці вы нам рады?.. То і вы нам да парады!»
Без сумневу, у Гродне мусіць быць шмат калядоўшчыкаў, але мы з імі пакуль не знаёмыя. Нашая група наведвае гаспадароў на Раство — па грыгарыянскім і юльянскім календары, то бок 25 снежня і 7 студзеня. Акрамя кватэраў мы шчадруем ва ўстановах, якія нас адмыслова запрашаюць — дзіцячых садках, месцах, дзе ёсць дзеці або людзі з асаблівасцямі развіцця. Быў досвед калядавання ў транспарце і ў кавярні, але больш яго не паўтаралі.
Па сцэнары хата набіваецца процьмай калядоўшчыкаў, якія гучна вітаюць, спяваюць, водзяць карагоды. «Жывёлкі» паказваюць свае здольнасці. Цікава, што казу прадстаўляюць нібы каня, і палова гаспадароў гэтаму верыць ці прынамсі падыгрывае калядоўшчыкам, а яшчэ палова называе яе зайцам, кролікам ці авечкай. Каза танчыць зусім знясіленая і галодная. У выніку белая, як смерць, туша казы ляжыць на падлозе, дзядзька Алесь здымае ў журбе капялюш, а калядоўшчыкі пачынаюць жаласліва прасіць «два піражочкі казе на ражочкі» — штосьці, каб падсілкаваць казу ды вярнуць да жыцця.
«Каб было ўсяго ў дастатку — даставайце шакаладку!»
Недасведчаныя ў гэтай справе гаспадары перад тым, як запрасіць калядоўшчыкаў, пытаюць, а чым сёння частуюць і на якую суму разлічваць. Пытанне не мае канкрэтнага адказу — кожны вольны дзяліцца, чым сам жадае. Але ж варта памятаць, што пасля апошняга гаспадара калядоўшчыкі збіраюцца разам на вячэру, і зразумела, што вячэра зазвычай не складаецца толькі з цукерак ды мандарынаў. Акрамя таго, сённяшнія калядоўшчыкі наведваюць хаты, перамяшчаючыся па горадзе на машынах. Таму ахвяраваныя грошы ідуць на паліва, а калі застануцца, то і на новыя строі на наступны год.
Заўсёды прыемна, калі гаспадары не толькі дораць пачастункі, але і запрашаюць сесці разам за стол. Прыемна не з гастранамічнага пункту гледжання, хоць і гэта не выключаецца, а па прычыне размоваў, якія ўзнікаюць за сталом — пра сямейныя традыцыі, пра сэнс гэтых святаў і ўвогуле пра сэнс жыцця. Гэта час, калі малая Радаслава сядзіць на каленях і есць разам са мной самыя сапраўдныя дранікі, калі прыносіць свайго лялечнага Ката, які паўтарае за намі калядкі, калі хочацца заспяваць штосьці тужлівае і кранаючае, што спяваецца не ва ўсіх хатах, калі дзядзька Антось распавядае ў некалькіх словах існасць жыцця.
Гаспадары на просьбы калядоўшчыкаў частуюць дамашнім печывам ці пірагамі з крамы, каўбасой, цукеркамі, яблыкамі, часам і гарэлкай. Малая Соня чакала каляду цэлы год, спецыяльна да яе яна вывучыла вершык на беларускай мове ды сабрала кішэнныя назапашвання. Каза на радасцях «ажывае», і калядоўшчыкі зычаць сваім дабрачынцам «шчасця без канца», «у кожным куточку па сыночку» ды каб «у хаце было заўжды, што даці». Нарэшце, каляда гэтак жа гучна едзе да другога двара, а з гаспадарамі развітваецца да наступнага года, калі, канешне, тыя захочуць яе пусціць.