У доме Заменгофа з’явіцца кавярня?

У былым доме стваральніка мовы эсперанта Людвіка Заменгофа апошнім часам актыўна ідуць будаўнічыя працы. Будынак №5 на вуліцы Кірава адновяць да канца наступнага года. Яго фасад убачым у першапачатковым выглядзе перад фестывалем нацыянальных культур.

Запусцелы дом у цэнтры горада па-ранейшаму выглядае непрывабна, але дзеля яго рэканструкцыі ўжо зроблены вялікі кавалак працы. Аднаўленнем дома займаецца прыватны прадпрымальнік Мікалай Шамін. Ён выкупіў будынак у снежні 2010 года. Год пайшоў на навуковыя даследаванні стану будынка і ўзгадненне яго рэканструкцыі з Міністэрствам культуры.

Каб пабудова атрымалася надзейнай і трывалай, канструктар фактычна «апрануў» будынак у метал. Мікалай Шамін мяркуе, што гэта першы аб’ект у горадзе, да аднаўлення якога падыйшлі такім дбайным чынам. Усе апорныя канструкцыі ўмацаваныя шматлікімі спосабамі.

Арыгінальнымі захаваюцца ўсе знешнія сцены і фрагменты ўнутраных. Новы будынак будзе максімальна падобны да старадаўняга і звонку, і ўнутры. Так, напрыклад, адновяць арачныя перакрыцці. Вясной наступнага года плануюць надаць галоўнаму фасаду закончаны выгляд — нават вярнуць страчаныя балконы.

У гэтым годзе ўжо пракладзеныя электрасеткі, каналізацыя, вадаправод, кабельная лінія. Тэрмін здачы адміністратыўнага будынка прызначаны на канец 2014 года.

У адноўленым доме доктара Эсперанта размесцяцца офісы і гандлёвыя памяшканні. Прадпрымальнікі ўжо цікавіліся арэндай. Сярод жадаючых заняць месца ў рэстаўраваным будынку — уладальнікі кавярні і рэкламнага агенцтва. Колішняму гаспадару дома прысвецяць музейны куток або пакой.

Даведка «ВГ»

Будынак канца ХІХ стагоддзя вядомы тым, што ў 1893–1897 гадах тут жыў і працаваў Людвік Заменгоф, стваральнік міжнароднай мовы эсперанта. У 1920-я тут размяшчалася габрэйская школа Tarbut, а ў 1930 г. — рэдакцыя газеты «Беларуская думка». З 2005 году дом стаяў закінуты, хаця і змяніў некалькіх уладальнікаў.

Related Post

 

Чытайце таксама:

Фотофакт: Ресторан «Белосток» cегодня

Затянувшаяся на 7 лет реконструкция бывшего дома купца Муравьева снова оказалась под вопросом

Share
Published by
maryna_harevich