Як паведаміў дацэнт універсітэта Янкі Купалы Анатоль Бурчык, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Калішскі філіял Познанскага ўніверсітэта імя Адама Міцкевіча супрацоўнічаюць напрацягу 22 год. Сумесныя сустрэчы ладзяцца штогод ў Гродне і ў Калішы па чарзе.
Гэтым разам польскія выкладчыкі прывезлі з сабой чатыры экспазіцыі, а пятую стварылі на месцы польскія студэнты падчас пленэру.
Графічныя працы на паперы і на метале з кампутарнай апрацоўкай прадставілі ў галерэі «У майстра» Ежы Выпых (экспазіцыя «Бездань») і Мацей Гузнічак (экспазіцыя «Лінія ў прасторы»). Скульптуру Бэаты Собчык і постэры на экалагічную ды псіхалагічную тэматыку экспанавалі ў галерэі «Тызенгаўз».
Сваё бачанне Гродна адлюстравалі польскія студэнты. Каложу, Фару, Брыгіцкі касцёл, замкі, драмтэатр, вежы Касю і Басю, універсітэт і нават турму ўдзельнікі пленэру прадставілі ў жывапісе акрылам, графіцы, замалёўках і эскізах. Выявы славутасцяў горада творцы завязуць на радзіму ў Каліш. Адну з карцін старога корпусу ўніверсітэта імя Янкі Купалы госці падаравалі факультэту мастацтваў і дызайна а.
Польска-беларуская сустрэча ладзілася напрацягу апошняга тыдня. Яна была насычаная экскурсіямі па горадзе, творчымі сустрэчамі, знаёмствам з горадам і абменам прафесійным досведам.