Першы дзень фестывалю “Вандроўка ў этнаказку” прайшоў у вёсцы Гудзевічы, 60 кіламетраў ад Гродна. Сюды з’ехаліся майстры з Гарадзеншчыны і Сувальшчыны, народныя і фальклорныя калектывы, мадэльеры і аматары беларускай культуры. У апошнія гады на фестывалях з’яўляецца ўсе больш вышыванак не толькі сярод выступоўцаў, але і наведвальнікаў.
У Гудзевічы мы прыехалі раніцай. Раённыя цэнтры і дамы раместваў толькі пачалі падцягвацца і выгружаць вялізныя скрынкі з вырабамі ручной працы: рушнікамі, саламянымі лялькамі, глінянымі конікамі.
Столькі людзей у вёсцы наўрадці калі збіралася. Мясцовых жыхароў, відаць, не папярэдзілі пра мерапрыемства, таму ідучы на працу, доўга азіраліся, і толькі самыя смелыя падыходзілі і пыталіся.
— А што, сёння дажынкі? – пытаецца ў адной з майстрых дзядзечка, абапіраючыся на ровар.
— Не, дажынкі ўвосені святкуюцца.
— Дык а зараз што за свята? —не супакойваецца дзядзечка. —Столькі людзей да нас даўно не прыязджала…
— А хто яго ведае. Нам казалі прыехаць, вось і прыехалі.
Праграма фестывалю даволі насычаная. Дзве сцэны, дзіцячая пляцоўка, ярмарка, выставы, майстар-класы, кожны знойдзе справу па душы.
Народныя ўмельцы прапаноўвалі сваі веды і дапамагалі засвоіць новае рамяство. Вочы проста разбягаюцца: кавальства, пісанкі, саломпляценне, фларыстыка.
— А вы будзеце майстар-клас праводзіць? Так хочацца рукі выпацкаць! – Прызнацца, сесці за ганчарны круг я марыла з дзяцінства.
Ганчар Сяргей Худзяеў прыехаў на фестываль з вёскі Галынка Зэльвенскага раёна, ён адзін з нешматлікіх у Беларусі, хто займаецца чорнадымленай керамікай. Дагэтуль мне казалі, што чорны посуд атрымліваецца з найрэдкай чорнай гліны, а насамрэч колер залежыць ад спосабу абпалу.
Майстар дае кавалачак гліны, падрабязна тлумачыць, што павінны рабіць рукі… Хвілін праз пятнаццаць трымаю гатовы кубак, які будзе тыдзень сохнуць, а пасля абпальвацца. Ганчарнай справе Сяргей вучыўся самастойна, зараз вучыць іншых.
Калі казаць пра разьбу, то ўсё, што я ведаю: ліпа – самае мяккае дрэва. Але на справе аказалася інакш. Аляксандар Жураўлевіч прапанаваў выразаць лыжку. Падабраў “жаночы” інструмент. Прыйшлося прыкласці нямала сілы, каб прымусіць дрэва прыняць патрэбную форму.
Уздоўж вулачкі, у цені дрэваў, даносіцца звонкае шчабятанне дзяцей. “Гудзевічскі гурток ткацтва” — тлумачыць жанчына, што сядзіць побач з імі. Яны хутка перабіраюць каляровыя нітачкі, ствараючы ўзоры. У гурток ахвотна ходзяць як хлопчыкі, так і дзяўчынкі..
— Гром грыміць, зямля трасяцца..—гучна пачынае чытаць верш васьмігадовы Дзіма.
— Гэта Саша з Дзімам б’ецца, —перадражнівае хлапца маленька дзяўчынка з касічкамі.
Гудзевiчы славяцца тым, што тут захавалі сялянскую хатку, якой больш за дзвесце гадоў. Абставілі яе мэбляй тых старажытных часоў. У хаце выцiнанкi, запек, вялiкая печ, куфар, стол, якi зроблены прыгонным селянiнам Мiхасём Кажэцкiм, калыска з лазы, чапяла, рагач, кацуба, мухалоўка, ступа, дзежка, i шмат iншага.
— У нас ва Францыі таксама карысталіся такімі прыладамі, —кажа адзін з наведвальнікаў музея. – У бабулі былі і чапяла, і рагач.
Каля хаткі расклаў сваю калекцыю чалавек-аркестр Мар’ян Скарамблевіч: драўляныя дудачкі, жалейкі, гліняныя акарыны… У кожнай сваі голас і характар, і толькі некаторыя з іх можна набыць, астатнія – экспанаты яго ўласнага музея ў Адэльску. Кожны інструмент музыка прапусціў праз сябе: усе пачынаецца ад выбара матэрыяла, з якога будзе зроблена дудка, сканчаючы яе гучаннем.
Крысціна Вашкевіч з Сувалак прывезла на фестываль абрусы з англійскім рышэлье. Вышываць у такой тэхніцы яе навучыла матуля больш за пяцьдесят год таму. З тых часоў увесь вольны час прысвячае вышыванню. Кажа, што ў Польшчы гэта папулярны занятак. Сакрэты майстэрства перадаюцца ў спадчыну, таму дочкі і ўнучкі падтрымліваюць Крысціну ў гэтай справе.
На сцэне пачалі з’яўляцца каларытныя бабулькі са звонкімі галасамі. Ніякіх какошнікаў! Людзі, што сядзелі на пляцоўцы ля сцэны, затрымаўшы паветра, слухалі.
Калі зацягнулі песню «Чырвоная вішня», у адной з жанчын ва ўзросце з вачэй пабеглі слёзы. Відаць, яна як і гераіня песні, сумуе па мамце.
— Гэтую ж песню ў мяне на вяселлі спявалі! – шэпча яна сваей суседцы..
Дзецям прапанавалі асобную праграму. Дзе можна выпрабаваць сваю сілу, спрытнаць і хуткасць? Канешне, ў гульні. Разам з харызматычнымі героямі феставалю — дзедам і бабай хлопцы і дзяўчаты перацягвалі канат, шукалі скарб, стралялі з лука, гулялі ў капялюшы.
Завершыўся фестываль выступам этнагуртоў з Гродна і Мінска ўжо з надыходам цемры..
Чытайце таксама:
Этнофест у стен гродненских замков: фоторепортаж