Гарадзенскі гісторык просіць у Мінкультуры перагледзець праект рэстаўрацыі палаца ў Свяцку

Захаваць так званы ламаны дах палаца ў Свяцку просіць у Мінкультуры гарадзенскі гісторык і краязнаўца Ігар Лапеха. Ён уважліва вывучыў праект рэстаўрацыі палацава-паркавага комплексу і знайшоў там сур’ёзныя недахопы.

Біць трывогу гісторык пачаў пасля з’яўлення артыкула ў адным з СМІ, дзе адзначаецца, што падчас рэстаўрацыі вызваляць галоўны будынак ад мансарды.

“Па праекту плануецца дэмантаваць найбольш характэрную ягоную асаблівасць — так званы “ламаны” барочны дах, характэрны для будынкаў эпохі барока! Пры гэтым выдаюць гэты дах за “надбудову савецкіх часоў”, — піша Ігар Лапеха ў сваім звароце да кіраўніка Упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара Чарняўскага.

Гісторык працягвае: “Відавочна, што мансарда ўсё ж не “надбудова савецкіх часоў”, а верагодны вынік рэканструкцыі 1930-х гг. Пры гэтым паўстае пытанне — як можна на аснове гіпатэтычнага здымка 1920-х гг. меркаваць пра выгляд палаца ў 1770-х гг.?! І гэта спрэчнае, але прынцыповае пытанне патрабуе падрабязнага і глыбокага вывучэння помніка з выкарыстаннем усіх даступных крыніцаў, кансультаванне з кваліфікацыйнымі спецыялістамі у гісторыі архітэктуры”.

Ігар Лапеха выказвае здагадку, што палац перабудоўваўся цягам XIX стагоддзя, мог быць пашкоджаным падчас Першай сусветнай вайны. І нізкі дах 1920-х гг., пра які кажуць кіраўнікі праекта, можа быць проста часовым пакрыццём перад навуковай рэстаўрацыяй. Доказам наяўнасці такога нізкага даху ў палаца павінны быць як мінімум праектныя малюнкі будынка канца XVIII ст. або, напрыклад, творы якога-небудзь мастака пачатку XIX ст. Ці выкарыстоўвалі гэтыя крыніцы падчас праектавання рэстаўрацыі аб’екта, невядома.

Related Post

“Пры недахопе візуальных крыніцаў можна карыстацца метадам аналогіі, — адзначае ў звароце краязнаўца. — Вядома, што каралеўскі архітэктар Джузэпэ Сака (аўтар праекта будаўніцтва палаца ў Свяцку) праектаваў будаўніцтва так званага Новага замка, музычнага флігеля, палацаў Сангушак, Сапегаў, Радзівілаў у Гродне, палаца познанскіх біскупаў, які захаваўся да нашага часу — усе яны мелі мансардныя “ламаныя” барочныя дахі.  Такім чынам, нават такі павярхоўны аналіз сведчыць пра вялікую колькасць недакладнасцяў вынікаў даследавання кіраўнікоў праекта рэстаўрацыі палацавага комплекса ў Свяцку”.

 

Чытайце таксама:

Кто восстановит дворцы князей и магнатов на Гродненщине?

Share
Published by
ina_gryshuk