Для лячэння прастудных захворванняў здавён выкарыстоўваюцца разнастайныя зёлкі. Зараз, калі народ пачаў чыхаць ды хварэць, мы вырашылi ўспомніць, як лячыліся нашы продкi. За дапамогай звярнулiся ў гудзевіцкі музей, дзе сабрана вялікая кніга «Гудзевіцкая народная медыцына». Вось некаторыя з рэцэптаў.
Прастуда баіцца дзядкоў
Дзядкі аптэчныя (репешок обыкновенный аптечный) ужывалі пры запаленні верхніх дыхальных шляхоў. Дзеля гэтага 4 сталовыя лыжкі трэба заварыць літрам вады і па 1/4–1/3 шклянкі адвару, дадаўшы мёду, ужываць 3–4 разы ў дзень.
Каланхоэ выкарыстоўваюць пры захворванні горла прастуднага характару. Для гэтага сок змешваюць з вадой і ўжываюць як паласканне, гэтым жа сродкам карыстаюцца для змазвання ў носе і паласкання горла пры захворванні грыпам.
Махорка супраць вірусу
Пры грыпе прымаюць настой алтэі лекавай. Для гэтага 3–4 чайныя лыжкі здробненага кораня на шклянку вады настойваюць
8 гадзін. Можна рыхтаваць настой з 2 сталовых лыжак лісцяў і кветак алтэі на 1–2 шклянкі кіпеню.
Для лячэння кашлю і бранхіяльнай астмы прапануецца наступны народны рэцэпт: 15 гр насення анісу заварыць у шклянцы вады. Прымаць па 1/4–1/2 шклянкі 3–4 разы ў дзень за паўгадзіны да яды. Можна выкарыстоўваць і аптэчны анісавы алей — прымаць па
2–3 кроплі на цукры.
Хворыя грыпам ці малярыяй пад язык кладуць чайную лыжку махоркі (тытуню) на адну гадзіну раз у дзень. Гэта лічаць прафілактычным і лекавым сродкам.
Ангіну адалее бурачок
Добрым сродкам для паласкання пры ангіне з’яўляецца настой нагаткоў лекавых (20 г на шклянку вару).
Танізуючай дзеяй валодае святаяннік (зверабой). Пры ангіне карыстаюцца настойкай з 30 гр зелля на 100 мл спірту ці шклянку гарэлкі па 50 кропляў
3 разы на дзень пасля яды. Для паласкання горла 40 кропляў разводзяць у шклянцы вады.
Народная медыцына значна шырэй за медыкаў выкарыстоўвае рамонак аптэчны. Пры ангіне горла палошчуць настоем кветак рамонку, а яшчэ лепш рыхтаваць збор з 3-х частак рамонку і 2-х частак кветак ліпы. 20 гр збору заліваюць шклянкай вару, настойваюць 20 хвілін і выкарыстоўваюць для паласкання.
Для лячэння ангіны карыстаюцца яшчэ такім рэцэптам: нацерці шклянку буракоў сталовых, уліць адну сталовую лыжку воцату, даць настаяцца, затым выціснуць сок, прапаласкаць рот і трохі праглынуць (1–2 сталовыя лыжкі). Гэтым сродкам многія вылечылі хранічную ангіну.
Таямнiца крамянёвай вады
Выдатным прафілактычным сродкам для арганізму лiчыцца крамянёвая вада. Як яе зрабіць, апісаў Алесь Белакоз. Зараз у гудзевіцкiм музеі гасцям расказваюць, як прыгатовіць крэмнеўку.
Дык вось, вялікія крэмені трэба разбіць на маленькія кавалачкі, велічынёй з арэшак ці вішаньку. Перад драбленнем трэба загарнуць крамень ў тканіну, каб не параніць вачэй, твару, рук. Разбіваць малатком ці абухам на чымсьці цвёрдым і цяжкім: на вялікім камені, на кавадле ці бетонным ганку.
На трохлітровы слоік пакласці 6–10 кавалачкаў крэменю (можна і больш, бо вада бярэ лек толькі да стану насычанасці). Заліць краменьчыкі сырой вадой з калодзежа ці водаправода і паставіць у пакоі не на сонцы (не на акне), але і не ў цемнаце, найлепш пры тэмпературы 20–30 градусаў. Слоікаў не накрываць, або накрыць марляй, каб вада магла дыхаць.
Да 100%-й канцэнтрацыі настойваць трэба 10 дзён, аднак нават праз пяцёра сутак крамянёўка вельмі добра лечыць. Пажадана, каб у сям’і крамянёўку пілі ўсе, бо яна папярэджвае анкалагічныя і іншыя захворванні, лечыць аблысенне, карыес, хваробы горла, захворванні вачэй, страўнікава-кішэчнага тракту, многія скурныя захворванні, солі, зніжае колькасць цукру ў крыві, ціск на 10%, спыняе крывацёкі, лечыць апёкі, болі вушэй, дызбактэрыёз, гемарой, апарванні, раны, нарывы і нават свішчы. Калі вы забілі стрэмку нават пад ногаць, то дастаткова забінтаваць хворае месца з ваткай і пакупаць яго ў крамянёўцы праз кожную гадзіну разоў пяць. Лечыць яна ныркі, вантробу і многае іншае. Гэта адбываецца таму, што крамянёвая вада вельмі актывізуе імунную сістэму, а здаровы імунітэт без лекаў расправіцца з захворваннем.
Каменьчыкі ў слоіку трэба мяняць тады, калі яны стануць бела-шэрыя або бела-жоўтыя. Гэта здарыцца праз паўтара або два гады. Тады трэба ўкінуць новыя краменьчыкі або разбіць драбней пабялелыя.
Карыстацца трэба чорнымі або чорна-шэрымі крэмнямі. Крамянёўка пры тэмпературы ад +5 да +50 градусаў яшчэ захоўвае лекавую сілу на працягу многіх гадоў. Найлепш, калі яна захоўваецца з крэменем. Пажадана піць 1–3 літры гэтай вады за суткі, а пры захворваннях страўніка важна піць вечарам праз чатыры гадзіны пасля вячэры і адразу, устаўшы раніцай, і ў любы іншы час.
Нельга піць крамянёўку нагбом з таго слоіка, у якім яна настойваецца, бо ў вадзе з’явіцца дрэнны пах. Для гэтага варта выкарыстаць кубак, шкляны збаночак ці меншы слоік.
Пажадана, каб на адну душу адначасова настойвалася хоць 6–9 літраў вады. Многія захворванні лечацца кампрэсамі з халоднай або летняй крамянёўкі. Пажадана для кампрэсаў выкарыстоўваць тканіну з лёну.
«Я п’ю крамянёўку сямнаццаты год, і многія хваробы, якіх не магла вылечыць медыцына, вылечыла крамянёвая вада. Аднак калі перастаю піць крамянёўку, то праз некалькі тыдняў некаторыя хваробы вяртаюцца», — рассказала Кацярына Басінская.
Даведка «ВГ»
Кніга «Гудзевіцкая народная медыцына» была сабрана і падрыхтавана ў музее 1989 годзе пад кіраўніцтвам Алеся Белакоза. Гэта быў вынік працы па стварэнню залы «Народнай медыцыны», дзе сабраны сотні рэцэптаў лячэння самых розных хваробаў сродкамі народнай медыцыны. У свой час ідэю стварэння падказала Зоська Верас — Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік — аўтарка брашуркі «Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік» 1924 года выдання, якая сама збірала зёлкі, добра ў іх разбіралася і лячылася імі. Увогуле, матэрыялы, што ўвайшлі ў кнігу, пачалі збірацца з 1978 года. Згодна са зместам, сюды ўключаны рэцэпты лячэння 607 хваробаў.
Рэцэпты запiсала Аксана СМАГЛЕЙ