Ён быў сапраўдным гарадзенцам — на доме, дзе жыў пісьменнік Карпюк, адкрылі мемарыяльную дошку
У панядзелак, 15 красавіка, на рагу вуліц Ажэшкі і Будзёнага ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар славутага гарадзенскага пісьменніка, грамадскага дзеяча, франтавіка Аляксея Карпюка. Шыльда, зробленая скульптарам Уладзімірам Панцялеевым, знаходзіцца на доме №49, каля стаматалагічнай паліклінікі.
Гэтага чалавека ведаюць усе, хто цікавіцца беларускай літаратурай і гісторыяй Гродна. Аляксей Карпюк шмат пісаў пра родны горад у сваіх аповесцях і апавяданнях і доўгі час узначальваў гарадзенскае аддзяленне саюза пісьменнікаў БССР.
Справа ў тым, што 14 красавіка Карпюку магло б споўніцца 99 год. Зараз на ўрачыстае мерапрыемства сабраліся прадстаўнікі гродзенскай інтэллігенцыі, тыя, кто асабіста ведаў пісьменніка або сябраваў з ім, а таксама тыя, хто вывучаў яго жыццё і творчасць па кнігах «Развітанне з ілюзіямі», «Пушчанская адысея», «Карані», «Сучасны канфлікт» і іншых.
— Гэта чалавек-легенда для Гродна, — адзначыў прафесар ГрДУ імя Янкі Купалы, культуролаг Аляксей Пяткевіч, які сябраваў з Карпюком с 1957 года. — Ён заўсёды казаў і пісаў тое, што думаў, яго турбавала ўсё, што адбывалася у Гродне і краіне. Гэта быў чалавек дзеяння і справы, сапраўдны гарадзенец, якіх, на жаль, даўно не было і не будзе ў бліжэйшы час.
Выкладчыкі педінстытуту ўспаміналі, што аповець «Данута», якую напісаў Аляксей Карпюк, у савецкія часы студэнткі бралі пад падушку.
Паэтэса Данута Бічэль — адзіная з той самай славутай гарадзенскай чацвёркі, у якую ўваходзілі Аляксей Карпюк, Васіль Быкаў і Ларыса Геніюш.
— Ён проста рабіў наша жыццё гульнёй, заўсёды дапамагаў нам, — тлумачыла прысутным Данута Бічэль. — Але галоўнае: ён захаваў мову сваёй беластоцкай вёскі Страшава, якой пісаў. Гэтая мова звязала беластоцкіх беларусаў і ўсю Беларусь.
А журналіст Вітольд Іваноўскі распавёў, што Аляксею Карпюку павінны былі прызначыць Героя СССР, а ўсе неабходныя дакументы адправілі ў Маскву, але там вырашылі інакш, маўлялі, што Карпюк быў у нямецкім палоне, і, ўвогуле, ён заходнік.
— Прайшоўшы пекла, ён застаўся чалавекам, — адзначыў Іваноўскі.
Дачка пісьменніка Валянціна падзякавала прысутным за тое, што гарадзенцы шануюць памяць яе бацькі. У наступным годзе будзе святкавацца 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніка, якое не застанецца без ўвагі.
Даведка «ВГ»
Аляксей Карпюк нарадзіўся ў вёсцы Страшава пад Беластокам. У пачатку вайны быў арыштаваны і скіраваны ў лагер Штутгоф, адкуль потым збег. Кіраваў партызанскім атрадам імя Каліноўскага, пасля добраахвотна пайшоў на фронт, удзельнічаў у штурме Берліна, быў паранены. За ўдзел у баях ўзнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі.
Пасля вайны ўзначальваў аддзяленне саюза пісьменнікаў БССР, быў адным з заснавальнікаў музея гісторыі і атэізму, сустракаўся с мітрапалітам Філарэтам, спрыяў перадачы праваслаўным вернікам Каложскай царквы.
Памёр Аляксей Карпюк у 1992 годзе, пахаваны на могілках па праспекце Касманаўтаў. Яго імём названа адна с вуліц Гродна.