Пятница, 25 сентября
  • Погода в Гродно
  • 21
  • EUR3,0359
  • USD2,6042
  • RUB (100)3,3779
TOP

З крыламі і на конях: у Гродна прыехалі элітныя войскі Стэфана Баторыя (+вiдэа)

Зрабіць сэлфі з гусарам з крыламі і без, убачыць шляхту ў залачоных армяках ды футравых кучомках, пабіцца з воінамі на шаблях… Стары замак на два дні, 3 і 4 снежня, вярнуўся ў свой «залаты век». Як хадзілі і ваявалі ў часы Стэфана Баторыя, паказалі польскія клубы рэканструкцыі.

Больш за 20 удзельнікаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі прыехалі ў Гродна з розных польскіх гарадоў, каб ушанаваць памяць Стэфана Баторыя. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі памёр у Старым замку 430 год таму. Удзень суботы, 3 снежня, рэканструктары нагадалі, як выглядалі войскі і шляхта за часы Баторыя. Уражвалі агромістыя крылы гусар для адстрашэння ворагаў, расшытыя золатам ваўняныя паліто — кунтушы, абшытыя футрам шапкі ды армякі. Уся вопратка, зброя, упрыгожванні робяцца ўручную, на замову. Кошты на экіпіроўку сягаюць 5 тысяч долараў.

Воіны пабіліся адзін з адным на шаблях, а пасля пазмагаліся ў паядынках з гледачамі. Бадай што, найбольш відовішчным быў выступ гусар вярхом. Праўда, коні прыехалі з Каробчыц.

Рэканструктары прыехалі, скарыстаўшыся бязвізавым рэжымам. Мяжу прайшлі прыкладна за 4 гадзіны. Пытанняў адносна рыштунку або халоднай зброі не было. Аднак іх загадзя папярэдзілі, што праз польска-беларускую мяжу нельга правезці «чорны порах»: мушкеты і арбалеты.

Стэфан Баторы з’яўляецца адной з самых важных асобаў, якія паўплывалі на лёс Гродна. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі, венгерац па паходжанні, палюбіў наш горад. У Гродне за 10 год свайго ўладарання ён правёў больш часу, чым у Кракаве. Дзякуючы Стэфану Баторыю Гродна стаў неафіцыйнай сталіцай Рэчы Паспалітай. Тут праводзіўся кожны трэці сойм. Па ініцыятыве Баторыя быў перабудаваны Стары замак, пабудавана Фара Вітаўта і Вялікая харальная сінагога, быў адкрыты езуіцкі калегіўм. Звычайна кароль прыязджаў у наш горад на ўік-энд, каб папаляваць у навакольных пушчах. Апошнія гады амаль не выязджаў з Гродна. Падчас аднаго з паляванняў ён прастудзіўся і не змог ачуняць. Паміраў цягам тыдня у сваёй рэзідэнцыі ў Старым замку. Вялікага караля не стала ва ўзросце 53 год 12 снежня 1586 года. Што менавіта стала прычынай смерці, гісторыкі спрачаюцца дагэтуль. Каб паспрабаваць яе высветліць, прыдворныя медыкі зрабілі першае ва Усходняй Еўропе ўскрыццё цела. Стэфан Баторы хацеў, каб яго парэшткі спачывалі ў Фары Вітаўта. Аднак праз паўтары гады пасля смерці яго труну з Гродна перавезлі на кракаўскі Вавель, расказаў гісторык Андрэй Вашкевіч.



У нядзелю, 4 снежня, гусарская харугва гетмана Станіслава Жаўкеўскага ўрачыста пройдзецца ад Старога замка да Фарнага касцёла. Шэсце адбудзецца ў гонар Стэфана Баторыя а 11:30.

Самое читаемое

Разное