Пятница, 19 июля
  • Погода в Гродно
  • 23
  • EUR2,2811
  • USD2,0301
  • RUB (100)3,2314
TOP

Гародня, любая…

 

Святлана Куль

Гародня, любая

Ні вянецый нябыт, ні Васільеўскі востраў
Не прывабяць апошнім прыстанкам,
Я каштанавым попелам белых пялёсткаў
Упаду на тваю брукаванку.
Як паранены звер да гаючай крыніцы
Дапаўзу, дацягнуся з замежжа,
Каб застацца, каб некалі тут адрадзіцца
Хоць цаглінкай у замкавай вежы.

27.09.2014 г.

 

***

Мой час сапсаваўся, не вытрымаў гэтага лета,
Зламалася нешта — ці голас, ці сэрца, ці памяць.
Пайду да майстэрні, дзе ёсць дзыгармайстар-кабета,
Яе папрашу — можа час паламаны паправіць.
Скажу, хай праверыць, бо стрэлкі знянацку застылі
І, нібыта сэрца, трымцяць над старым цыферблатам,
Няхай памяняе ад стрэлаў ахрыплыя жылы,
Не трэба, каб поўнач у ім адбівалі гарматы.
Ён раптам пачаў нестасоўна акрэсліваць дату.
Хай гляне завод, хай яго памяняе на лепшы,
Бо лічбы адныя: бывае, што трыццаць дзявяты,
А часам пакажа, што сёлета ў нас сорак першы.
Хай зноў ажыве, і хвіліны татахкаюць ціха.
Пайду да майстэрні, што ёсць на Вялікай Траецкай.
Папраў нам эпоху. Папраў нам эпоху, майстрыха!
Папраў ёй сумленне, і голас, і памяць, і сэрца.

11.09.2014 г.

 

Сейбіт

Бяры сявеньку, добры гаспадар,
Выходзь у поле, на сваю валоку,
Сівы крумкач прастуе з-пад аблокаў
На твой учора ўзораны папар.
Ідзі па пульхным ворыве і сей,
Ён будзе за табой падлётам, скокам
Ісці раллёй, глядзець празрыстым вокам
І крыжаваць сляды — далей, далей.
Ты для яго як блізкая радня,
З якою не пасварацца ніколі,
Штогод адвеку разам шлі па полi,
Насеннем напаўнялася сяўня.
З ім разам завіталі на клады.
І да нябёс адужaлі сцяжыну,
І вас зямля, нібыта маці сына,
Гукае на вясновыя Дзяды.
Бяры сявеньку, добры гаспадар,
Ідзі і сей пад пільным жоўтым вокам,
Зямля цябе гукае з-за аблокаў,
І крук стары ляціць з табой запар.
Жыццё апошні замыкае круг.
Халодным комінам глядзіць у неба хата.
Ідзе па полi прывідны араты
І след у след за ім — ссівелы крук.

28-30.01.2015 г.

 

Самое читаемое

Разное