З гісторыі судаходства на Нёмане. Частка 2. Цяжкая праца плытагонаў

Для нас, якія жывуць на берагах Нёмана ў ХХІ стагоддзі, вялікая рака ўспрымаецца найперш як упрыгажэнне Гродзеншчыны.

 

Плытагоны на сваім плыце

Для нас, якія жывуць на берагах Нёмана ў ХХІ стагоддзі, вялікая рака ўспрымаецца найперш як упрыгажэнне Гродзеншчыны. Эканамічнае ж значэнне ракі не асабліва значнае, тым больш ніхто не ўспрымае яе як транспартную артэрыю. Хаця апошнім часам усё часцей гучаць размовы пра адраджэнне судаходства найперш у турыстычных мэтах, паколькі Нёман шчыльна звязвае нас з Літвой, а праз Аўгустоўскі канал — і з Польшчай. Таму варта пагаварыць аб добра прызабытых сёння традыцыях нёманскага судаходства.

Адным з галоўных скарбаў Панямоння заўсёды быў лес. Гэта можна сцвердзіць нават гледзячы на старыя паштоўкі з выявамі берагоў Нёмана ў Гродне. Бярвенне ў горадзе апрацоўвалі на тартаках (лесапілках), грузілі на чыгуначныя вагоны, але ў большасці сплаўлялі далей — да Балтыкі.

Спіленае ў Белавежскай, Ліпічанскай або Гродзенскай пушчах дрэва (часцей за ўсё елка) не паспявала даплыць да мора за адзін сезон. У канцы лета бярвенне выцягвалі з вады і складвалі на берагах у так званых румах (адсюль назва многіх прынёманскіх мясцовасцей — Рум). Вясной яно, звязанае ў плыты, накіроўвалася далей. Плыты звязвалі дротам, вяроўкамі а яшчэ раней — бярозавымі галінамі.

Каб плот паспяхова дайшоў да Балтыкі, ім трэба было кіраваць. Гэтым і займаліся адважныя людзі — плытагоны. Плытагон на працягу цэлага дня накіроўваў плыт пры дапамозе доўгай жэрдкі, якой адштурхоўваўся ад дна ракі. На мокрым слізкім бярвенні лёгка было паслізнуцца і, упаўшы ў ваду, скончыць жыццё раздаўленым тоўстымі стваламі. Плытагону трэба было мець не толькі фізічную сілу, але таксама быць вельмі спрытным. Патрабаваліся і спецыяльныя веды, асабліва што тычыцца фарватара Нёмана. Трэба было ведаць усе небяспечныя ўчасткі: нечаканыя павароты, мелі, рапы — месцы, дзе рака была асбліва хуткай, а яе дно пакрывала каменне. На рапе лёгка было разваліць плот і пакалечыцца.

Побыт плытагонаў быў просты. Жылі яны ў пабудаваных на плытах шалашах з яловай кары. Тут жа, на вялікіх плоскіх камянях, гатавалі ежу. Калі ж плытоў у гаспадара ішло вельмі шмат, то на адным з іх стаяла збудаваная з дошак буда, дзе жыў пісар, які плаціў плытагонам грошы і забяспечваў іх прадуктамі.

Цяжка было плытагону дажыць да сталага ўзросту. Але сярод аднавяскоўцаў яны лічыліся бывалымі людзмі: пабачылі свет і ведалі, як жывуць людзі не толькі ў Беларусі, але і далёка па-за яе межамі. Цікава, што плытагонствам займаліся таксама і яўрэі, якіх супляменнікі называлі «плытн-трайберамі». Наогул, мова нёманскіх працаўнікоў была насычана спецыфічнымі словамі да такой ступені, што простаму чалавеку цяжка было яе зразумець.