Віншаванне высокапраасвяшчэннейшага Арцемія, Архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага, з нагоды свята Нараджэння Хрыстова

Узлюбленыя ў Госпадзе браты і сёстры!

 

Узлюбленыя ў Госпадзе браты і сёстры!

Віншую ўсіх вас са светлым святам Нараджэння Хрыстова. Кожны год у гэтыя зімовыя дні мы адзначаем прыход у свет Збавіцеля. І кожны год мы спрабуем асэнсаваць веліч гэтай падзеі і яе значэнне для нас.

Нараджэнне Хрыста дазваляе нам усведамляць пачатак жыцця і само жыццё як свята, як радасную падзею. Вядома, што старазапаветныя людзі не адзначалі нават свой уласны дзень нараджэння, бо кожны чалавек нараджаўся для таго, каб праз пэўны час памерці. Але Хрыстос парушае гэты парадак.

У Віфлееме нарадзіўся Той, Хто на трэці дзень пасля смерці на Крыжы ўваскрэс. А значыць, у тую ноч у пячоры, куды пастухі заганялі свае статкі, нарадзіўся не толькі Хрыстос, але і ўсе мы нарадзіліся для новага, вечнага жыцця з Ім пасля свайго ўваскрасення.

І няхай гэта радасць жыцця, радасць кожнаму новаму дню, падоранаму Госпадам, радасць той магчымасці быць адзін з адным, якую дае нам Гасподзь, напаўняе нашы сэрцы ў гэтыя святочныя дні і натхняе нас любіць усіх так, як вучыў нас уцялесніўшыся Сын Божы.

Са святам! З Нараджэннем Хрыстовым!