Фільмы Анджэя Вайды пакажуць у Гродне

Пяць фільмаў польскага рэжысёра Анджэя Вайды пакажуць у кіназале Генеральнага консульства Польшчы з 28 мая па 3 чэрвеня.

фото: ria.ru

Паказ фільмаў будзе прысвечаны 25-годдзю свабоды Польшчы. Гледачам прадставяць пяць кінастужак: “Канал” (28 мая), “Попел і дыямент” (29 мая), “Чалавек з мармуру” (30 мая), “Жалезны чалавек” (2 чэрвеня), “Валенса – чалвек надзеі” (3 чэрвеня). Усе кінапаказы пачынаюцца а 18.30.

5 і 6 мая а 17.30 пройдзе дыскусія на тэму “Ад сталінізму да свабоды -хронікі Анджэя Вайды”. Удзел у ёй возьмуць сааўтар біяграфіі Анджэя Вайды Кшыштаф Бурнэтко, кіназнаўца Аліцыя Кіселевска, гісторык Ёанна Садовска, пісьменнік і публіцыст Семен Букчын. Весці дыскусію будзе консул Веслаў Раманоўскі з Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне.

Даведка “ВГ”

Анджэй Вайда нарадзіўся ў 1926 годзе ў Сувалках на поўначы Польшчы. Падчас вайны працаваў грузчыкам, вучнем бондара, чарцёжнікам, кладаўшчыком. Пасля вайны вучыўся жывапісу ў Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве, але, не давучыўшыся, паступіў на рэжысёрскі факультэт Лодзінскай кінашколы. Быў старшынёй Таварыства польскіх кінематаграфістаў, мастацкім кіраўніком кінааб’яднання “Х”. Яго выбралі ў Французскую акадэмію на месца памерлага Федэрыка Феліні. Творчасць Анджэя Вайды была адзначаная шэрагам прэстыжных міжнародных прэмій у Японіі, ЗША, Францыі, Італіі, Грэцыі.