Среда, 12 августа
  • Погода в Гродно
  • 13
  • EUR2,8863
  • USD2,4571
  • RUB (100)3,3582
TOP

Народныя цішоткі, віртуальную бібліятэку ды “КультБуд48а” прадавалі на “Кірмашы” ў Гродне

Паставіць на Савецкай плошчы мабільную бібліятэку, пераўтварыць офісны будынак у творчы кластар, наладзіць вытворчасць моладзевай вопраткі з беларускім арнаметнам — пакуль гэта толькі прапановы. Пасля абвяшчэння Гродна культурнай сталіцай Беларусі гродзенцы сабраліся на “Кірмаш праектаў”, каб прадставіць свае ідэі паляпшэння культурнага жыцця горада.

“Кірмаш праектаў” праходзіць ў Гродне не ўпершыню. Летась у маі былі прадстаўленыя сем праектаў, тры з якіх цяпер увасабляюцца ў жыццё, сярод іх і гарадзенскі паэтычны слэм. Сёлета прадставілі дзевяць ідэй. Яны яшчэ патрабуюць абмеркавання, дапрацоўкі, спонсарскай падтрымкі і працоўных рук.

Мадэратар гродзенскай мітап-лабараторыі Вячаслаў Траццяк хоча пабудаваць у горадзе мабільныя бібліятэкі. Тумбы з выявай кніг разам з QR-кодамі ён мяркуе карысным размясціць, напрыклад, каля вакзала, на Савецкай плошчы. Вячаслаў прапануе спачатку «пакласці на паліцы» бібліятэкі кнігі беларускіх пісьменнікаў, творы пра Гродна. Ідэю падгледзеў за мяжой, але і ў Мінску ўжо з’явілася падобная «фішка».

Студэнтка Гродзенскага ўніверсітэту Эмілія Комар прадставіла праект па вытворчасці сучаснага адзення ды ўпрыгожванняў з беларускім арнаментам. Яе праект “Насіць і несці беларускасць” у кожным дні накіраваны на ўвядзенне нацыянальных элементаў з фалклору ў моладзевую культуру. Дзяўчына плануе распрацваць дызайн разам з аднадумцамі і замовіць іх выраб у прыватных вытворцаў.

Юлія Каляда і Хрысціна Марчук прадставілі сваю канцэпцыю пераўтварэння офіснага будынку па адрасе Будзёнага, 48а ў творчы кластар “КультБуд48а”. Пакуль нічога падобнага ў Гродне няма. А гістарычны будынак у цэнтры горада, у якім працуе мноства крэатыўных людзей з розных кампаній, найлепш падыходзіць для гэтага. Дзяўчыны мяркуюць, што варта адкрыць кавярню, рэстаран, хостэл. Ва ўнутраным дворыку можна было б зрабіць арт-зону для выстаў, прэзентацый, канцэртаў. Адна з арэндадаўцаў прысутнічала на сустрэчы і ахвотна прыняла прапановы дзяўчын.

Краявед Таццяна Касатая імкнецца папулярызаваць драўляную спадчыну Гродна праз выданне паштовак з выявамі драўляных будынкаў. Дзеля гэтага яна разам з аднадумцамі пачала замалёўваць яшчэ захаваную каштоўную архітэктуру.

Мастацтвазнаўца Наталля Паўленка была адзінай, хто прадставіў два праекты. У першым запрапанавала ажывіць закінутыя недзеяздольныя будынкі ў цэнтры горада. Ідэю праекта Наталля падгледзела ў адным з літоўскіх мястэчак, дзе шматпавярховы дом быў літаральна ператвораны ў батлейку — вокны і дзверы ўпрыгожаныя тэатральнымі лялькамі ды дэкарацыямі. На думку аўтаркі, такое пераўвасабленне дапаможа праз яскравыя вобразы адлюстраваць “душу горада”, уключыць пабудовы ў актыўнае асяроддзе, стварыць прывабны фон для фотаздымкаў турыстаў ды саміх жыхароў.

Другая яе задума — стварэнне літаратурнага брэнда Гродна пры дапамозе плакатаў з партрэтамі і цытатамі беларускіх пісьменнікаў на вуліцах горада. Такі праэкт рэалізавалі ў мінулым годзе ў Магілёве — “Паэзія ў метро”, калі ўрыўкі беларускіх твораў гучалі ў грамадскім транспарце.

Гісторык Наталля Сліж запрапанавала правесці конкурс дзіцячых малюнкаў, прысвечаны памяці гродзенскага мастака і грамадскага дзеяча Змітра Іваноўскага, які памёр напрыканцы мінулага года.

Каардынатар грамадска-культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Гродзенскай вобласці Хрысціна Марчук паведаміла, што вынікі папярэдняй дыскусіі арганізатары накіравалі ўладам. Запрашэнне на сёлетнюю імпрэзу таксама адаслалі, але ніхто з чыноўнікаў на “Кірмаш” не завітаў.

Рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма!” Кацярына Раманчык адзначыла, што сустрэча накіравана не на выбар пераможцы, а на працэс, на рэалізацыю ідэй, якая адбудзецца ўжо пасля “Кірмашу”. Імпрэзу арганізавала грамадска-культурная кампанія “Будзьма беларусамі!”

Самое читаемое

Разное