У Гродне будзе новы біскуп

Пасвячэнні другога каталіцкага біскупа Гродзеншчыны адбудуцца ў Фарным касцёле ў суботу 1 лютага. Ксёндз прэлат Юзаф Станеўскі стане дапаможым асноўнаму біскупу Аляксандру Кашкевічу.

Фото: slowo.grodnensis.by

Як паведаміў віцэ-канцлер Гродзенскай рымска-каталіцкай курыі Ксёндз Антоні Грэмза, кансэкрацыя біскупа адбудзецца падчас святой імшы а 12 гадзіне ў катэдральным касцёле. Ва ўрачыстасці будуць прымаць удзел Апостальскі нунцый на Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці і ардынарый Аляксандр Кашкевіч.

Біскуп-намінант Юзаф Станеўскі нарадзіўся ў 1969 годзе ў вёсцы Заневічы на Гродзеншчыне, быў душпастырам у Ваўкавыску. Скончыў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт з тытулам ліцэнцыята па кананічным праве. У 1999 годзе прызначаны прэфектам, а ў 2005 годзе — рэктарам Гродзенскай духоўнай семінарыі.

Папа Францішак прызначыў трох новых беларускіх біскупаў у лістападзе 2013 года. У Віцебскай дыяцэзіі новы ардынарый Ксёндз Алег Буткевіч быў пасвечаны 18 студзеня, а дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Ксёндз Юрый Касабуцкі — 25 студзеня. Усяго ў Беларусі цяпер будзе служыць 7 біскупаў. Апошні раз дагэтуль біскупаў у беларускім касцёле прызначалі 14 год таму. Святар можа стаць біскупам, калі дажыў да 35 год і мае дзесяць год святарскага стажу.

Ардынарый Аляксандр Кашкевіч запрашае ўсіх вернікаў прыняць удзел у пасвячэннях, або падтрымаць малітвай новага біскупа. Ён кіруе Гродзенскай дыяцэзіяй 22 гады і ўжо меў дапаможнага біскупа Антонія Дземянка з 1999 па 2004 год, які цяпер з’яўляецца ардынарыем у Пінскай дыяцэзіі.