У Старым замку паказалi калекцыю воiна-афганца

Дзве сотні ўзнагародаў за ўдзел у вайне ў Афганістане сабраў калекцыянер і ветэран афганскай вайны Уладзімір Шокаў. Медалі ды памятныя знакі прадставілі на экспазіцыі ў Старым замку.

Калекцыю палкоўніка ў адстаўцы, старшыні Мінскага аддзялення Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане “Памяць”, размясцілі ў зале, прысвечанай воінам-інтэрнацыяналістам. Выставу да 25-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана дапамагла арганізаваць абласная арганізацыя “Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане” на чале з Аляксандрам Вітко.

Як патлумачыў загадчык аддзелу найноўшай гісторыі гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч, экспазіцыю можна падзяліць на тры часткі. У першай прадстаўлены савецкія медалі, якімі ўзнагароджвалі за ўдзел у афганскай вайне. У другой частцы — ўзнагароды іншых краінаў, дзе савецкія салдаты дапамагалі гасіць лакальныя канфлікты: Афганістан, Егіпет, Ліван, Куба, Мазамбік, Ангола, В’етнам, КНДР. Рэшта калекцыі — адзнакі, якія ўручалася рознымі ветэранскімі арганізацыямі.

Выстава будзе працаваць да сакавіка.