Віфліемскі агонь прыедзе ў Фарны касцёл

Агонь з Віфліема прыедзе ў Гродна ў пятніцу, 20 снежня. Беларускім харцэрам і расійскім скаўтам яго перададуць польскія харцэры на польска-беларускай мяжы.

Фото: radiomir.by

У галоўны гродзенскі каталіцкі касцёл віфліемскі агонь прыбудзе а 17 гадзіне, паведаміў пробашч Фары ксёндз Ян Кучынскі. Пасля яго ўрачыстага ўнясення на алтар распачнецца святая імша.

Харцэры і скаўты пасля набажэнства павязуць жыватворны агонь у іншыя парафіі Гродзенскай дыяцэзіі і па ўсёй Беларусі. Полымя патрапіць і ў Расію. Харцэры развязуць агонь не толькі па каталіцкіх касцёлах, але і ў праваслаўныя цэрквы, шпіталі, дзіцячыя дамы.

Кожны жадаючы можа прыйсці ў святыню і запаліць свечку ад віфліемскага агню, каб занесці гэты ліхтарык дадому. Традыцыйна агонь з’яўляецца сімвалам супакою, які падарожнічае штогод па свеце.

Перадаваць Віфліемскі агонь пачалі яшчэ ў 1986 годзе ў аўстрыйскім горадзе Лінц. Скаўты запальваюць лапмадку ад незгасаемага агню ў базіліцы Нараджэння Хрыста ў Віфліеме і завозяць на самалёце ў Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у Вене агонь развозяць па іншых краінах.