Старажытныя крыжы ва ўзросце 700–1000 год паказалі ў Гродне

Убачыць крыжы, якім ужо каля тысячы гадоў, можна ў музеі гісторыі рэлігіі. Тут адкрылася выстава «Таямнічая сіла крыжа». 

Найбольш старажытныя экспанаты датуюцца ХІ–ХІІІ стагоддзямi. Гэта фрагменты нацельных крыжоў-энкалпіёнаў, унутры якіх знаходзяцца часткі астанкаў святых. Сярод прадстаўленых рэліквій ёсць і шасціканечны крыж-«каравака». Ён паходзіць з іспанскага горада Каравака-дэ-ла-Крус і ўтрымлівае ў сабе часціцу Праўдзівага крыжа, на якім быў укрыжаваны Хрыстос.

Увагу прыцягвае драўляная скульптура «Хрыста ў смутку» пачатку ХІХ ст. Яна прадстаўляе момант перад тым, як Хрыста схапілі і павялі на ўкрыжаванне. Сцэна ўкрыжавання адлюстравана на абразах Узвядзення крыжа і ў старажытных кнігах ХVІІІ ст. — Рымскім і Францысканскім імшалах.

Першыя крыжы пачалі вырабляць на саркафагах у IV–V стагоддзях. Як патлумачыў старшы навуковы супрацоўнік музея Сяргей Казуля, у антычнасці крыж быў прыладай самага ганебнага смяротнага пакарання, і толькі пасля Хрыста сімволіка пачала змяняцца.

Храналагічна выстава ахоплівае перыяд з ХІ да ХХ стагоддзя. Экспазіцыя прадстаўляе крыж у розных відах сакральнага мастацтва – у скульптуры, мастацкім метале, гравюры, выявах на паштоўках, узнагародах у выглядзе крыжа. Пераважная большасць экспанатаў — с музея, некаторыя прадметы прадаставілі гродзенскія калекцыянеры Януш Паруліс і Ян Лялевіч.

Выстава «Тямнічая сіла крыжа» будзе дзейнічаць да пачатку снежня.