Пасланне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!

Сення нарадзіўся ў свет Сын Божы, Сын Чалавечы! Нараджэнне і зямное служэнне Госпада Іісуса Хрыста, Яго словы і малітвы, самаахвярны подзвіг і ўваскрасенне з мертвых сталі не толькі натхняльным прыкладам для хрысціян усіх часоў і народаў. Евангельская гісторыя і евангельскае вучэнне раскрылі перад чалавечым родам самыя падрабязныя настаўленні і парады, перасцярогі і нават прадказанні адносна таго, як зрабіць свае жыцце паўнавартасным не толькі ў зямным вымярэнні, але і ў бессмяротнай вечнасці.
Дзіцятка Іісус нарадзіўся ў Віфлееме, у пячоры. Мы маем цудоўную традыцыю ўладкоўваць калядныя вярцепы ў храмах і ў дамах, у царкоўнапрыходскіх школах і наогул паўсюль, дзе людзі радуюцца Раству Хрыстоваму. Але давайце працягваць гэтую традыцыю і ў паўсядзенным жыцці, уладкоўваючы нашы сем’і і нашы дамы як месцы знаходжання Бога. Давайце увасабляць Віфлеемскую святыню ў сваім жыллі і ў сваіх сем’ях, дзе не будзе месца ні смеццю, ні спрэчкам; дзе святло Каляднай зоркі асвятляе словы і думкі; дзе багавейная цішыня любові і ўвагі да чалавека не падменьваюцца шумам пустасло’уя і бураю пажаднасцей.
Дасканалы дом нашага жыцця — мара кожнага чалавека пра сямейны ачаг, пра ўласнае прасторнае і ўтульнае жылле, пра непарушнае бацькоўскае лона — пачынаецца не з крэдытаў і не з праектаў, а з больш цвердай асновы. Увасабленне гэтай мары ў жыцце павінна пачынацца з рашучасці ўдасканальваць сваю асобу, уладкоўваць свае адносіны з бліжнімі і дальнімі, развіваць узаемаадносіны з Богам па законах Таго, Хто стварыў увесь гэты бачны і нябачны свет, — па законах Самога Тварца.
Сардэчна вітаю з Раством Хрыстовым усіх вас, дарагія браты і сестры!