Ратунак ад шэрых дзён

У сярэдзіне такога вось лістапада-месяца цяжка паверыць, што калісьці у нашым горадзе была вясна: скакалі па галінах і сьпявалі птушкі розных памераў і колераў, цьвілі і нават пахлі кветкі, а на вуліцах поўна было даўганогіх дзяўчатак, дастаткова сьмела і рызыкоўна апранутых.

Шматлікія вулічныя музыкі, напіўшыся піва ці чаго мацнейшага, раптам атрымоўвалі прыплыў натхнення і, ударыўшы па струнах, выціскалі з пашэрганых інструментаў нешта такое, за што пярэхадні не шкадавалі ім ні грошай, ні апладысментаў.

Было цёпла, вельмі цёпла, часам нават горача, таму пад ноч кожны гарадскі куст, пры адстутнасці месца ў гостэле, мог пусціць падгулялых грамадзянаў ці асобаў бэз сталага месца прапіскі пад сябе пераначаваць.

Словам, была вясна, было прыгожа, шматлюдна і шматмоўна, зялёна і ружова, яблынева і вішнёва, джынсава і сукенкава, даўгадзённа і каротканочна…

Час мінуў. І ніхто ўжо ні тае вясны ні таго лета не памятае…

А што мы маем сёння і будзем, магчыма, мець заўтра? Каляровыя і мнагалюдныя вуліцы раптам пашарэлі і пасуровелі нібы твар судзі падчас агалашэння сьмяротнага прысуду небясьпечнаму бандыту. Цёгаюцца зранку і ў абед па мескім бруку німаведама хто і німаведама чаго, абсалютна незнаёмыя асобы, ці не з Грабянёў ці Сабалянаў прыехалыя да сваякоў…

Альбо на Скідзельскі рынак…

Горад сьпіць, але час ад часу прачынаецца, бы прысьніўшы непрыемны сон. Потым зноў засынае, потым ізноў прачынаецца, патрывожаны небясьпечнымі чуткамі, шматкротна паўторанымі праз людзей…

А людзі кажуць рознае…

Кажуць людзі, што маюць адбыцца нейкія выбары, а каго выбіраюць, куды і нашто, ніхто дакладна акрэсліць не можа, бо не ведае

Кажуць таксама людзі, што і выбіраць там асабліва няма з каго.

І, яшчэ людзі кажуць, што адныя выбары ўжо адбыліся, толькі каго выбіралі, куды і з якой нагоды — гэтага таксама не ведае ніхто.

Усе: і кабеты, і мужчыны, чамусці ходзяць вуліцамі паасобку, гледзячы проста перад сабой ці ў сябе самых. Рэдка сустрэнеш якую шчабятлівую пару ці тройцу маладзёнаў.

Усё змоўкла і замоўкла, бы ў лесе…

Канец лістапада, хутка Адвент, а да Калядаў яшчэ трэба дажыць…

Як ратавацца ад гэткіх непрыемных хвілінаў?

А вельмі проста!

Трэба ва ўсіх з’явах шукаць толькі добрае.

Пранясецца па вуліцы Дубко машына хуткай дапамогi з уключанымі ліхтарамі і сірэнаю, то радуйся, чалавеча, што не па цябе паехала!

Запруджаная машынамі ў цэнтры вуліца Кірава, таму што з вядомага ўсім гараджанам месца вывозяць зняволеных, дык радуйся, чалавеча, што не ты сярод іх!

А самае лепшае — трэба засяродзіцца і паспрабаваць знайсці на вуліцы якую медную капейку ці дзве!

Вось будзе радасці!

Толькі папярэджваю: народ у нас ашчадлівы, грошы губляе рэдка. Таму шукаць прыдзецца гадзіны з дзве!