Машына часу: калі б Аўгустоўскі канал меў памяць…

Калі б Аўгустоўскі канал меў памяць, то ён помніў бы войны і паўстанні. За менш чым двухсотгадовы час існавання на яго долю прыйшліся падзеі двух мяцяжоў і трох войн, сярод якіх дзве былі сусветнымі. Мы нагадаем толькі адзін эпізод — як падзеі вызваленчага паўстання 1830–1831 гадоў адгукнуліся ў лёсе гідратэхнічнай камунікацыі беларускіх і польскіх абшараў Расійскай імперыі.

Фото из архива «ВГ»

Асаблівасць і гонар Аўгустава

Мінуўшчына Аўгустоўскага канала як штучнай воднай транспартнай артэрыі, што звязвае з 1924–1939 гг. басейны рэк Нёмана і Віслы, яшчэ чакае свайго даследавання. Пэўна першы, хто мэтанакіравана звярнуў увагу на гэты аб’ект беларуска-польскага памежжа быў Й. Ядкоўскі. У сваім буклеце «Гродна і ваколіцы. Азёры Аўгустоўскія. Сувальшчына» (1934) ён дае агульную характарыстыку Аўгустоўскаму каналу і называе яго найпершай «асаблівасццю і гонарам Аўгустава».

У нашым выпадку новым матэрыялам з’яўляецца змест архіўнай справы, якая захоўваецца ў Маскве, ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі. Назва дакумента — «Дело собственной канцелярии наместника Его Императорского Величества в Царстве Польском о постройке водного канала Августовского. 1831–1832 г.». Змест тычыцца перапіскі вышэйшага кіраўніцтва Расійскай імперыі наконт аднаўлення і заканчэння будаўніцтва Аўгустоўскага каналу.

На старонках пажаўцелых аркушаў знаходзім імёны такіх асобаў, як галоўнакамандуючы дзеючай арміяй, генерал-фельдмаршал, князь Варшаўскі, граф Іван Фёдаравіч Паскевіч-Эріванскі (1782–1856), старшыня часовага кіравання Царства Польскага Фёдар Іванавіч Энгель (1771–1837), варшаўскі ваенны губернатар генерал ад кавалерыі Іван Восіпавіч де Віт (1781–1840), выканаўчы спраў начальніка інжынераў дзеючай арміі генерал-інжынер Іван Іванавіч Дэн (1786–1859). Акрамя таго, перапіска згадвае імёны знакамітага інжынера-генерала М. М. Малецкага — аднаго з аўтараў праекту Брэсцкай крэпасці, генерала Восіпа Іванавіча Раўтэнштрауха (1773—1842), які прайшоў шлях ад ад’ютанта Т. Касцюшкі да прэзідэнта дырэкцыі тэатраў Царства Польскага, а таксама інспектара класаў і намесніка начальніка Галоўнай інжынернай вучэльні ў Санкт-Пецярбурге Хрысціана Хрысціанавіча Хрысціані (1787–1835), які тады часова выконваў абавязкі дырэктара шляхоў зносін у Царстве Польскім. Менавіта гэтае кола абмяркоўвала далейшы лёс Аўгустоўскага канала ў 1831 годзе.

Лёс канала ў часы паўстання 1830–1831 гадоў

Вядома, што гэты штучны водны шлях будаваўся ваеннымі інжынерамі войска Царства Польскага, галоўным сярод якіх быў Ігнацы Прандзінскі (1792–1850). У час паўстання ён выступіць ў якасці брыгаднага генерала, будзе адным з кіраўнікоў паўстанцаў. Менавіта Прандзінскі ў красавіку 1824 г. прапанаваў папярэдні разлік, які з заўвагамі генерала Маўрыкія Фёдаравіча Гауке і начальніка корпуса інжынераў Яна дэ Гранвіль-Малецкага быў прадстаўлены ў Санкт-Пецярбург. Гэты 500-аркушавы план быў зацверджаны Аляксандрам І ў тым жа годзе, і будаўніцтва пачалося. Работы былі прыпынены ў студзені 1831 г. з-за падзей вызваленчага паўстання, якое выбухнула ўвосень 1830 г. Вайна не толькі ўцягнула тэрыторыю канала ў сваі крывавыя падзеі, але і прывяла да ліквiдавання папярэдняй каманды інжынераў, большасць з якіх прыняла актыўны ўдзел ва ўзброеннай барацьбе.

З галоўных пачатковых падзей паўстання ў гэтым краі вядома, што 24 студзеня 1831 г. атрад генерал-маёра К. Е. Мандерштэрна рэйдам з Гродна праз раён Аўгустоўскай пушчы заняў горад Аўгустаў і стаў весці барацьбу з мяцежнікамі ў Аўгустоўскім ваяводстве. Менавіта гэты эпізод пэўна мог быць тым часам, калі паўстанцы ўласнаручна разбурылі шэраг элементаў канструкцыі да канца не дабудаванага Аўгустоўскага канала. Пра гэта даведваемся з матэрыялаў маскоўскай архіўнай справы, а менавiта з рапарту ад 1 лютага 1832 г.

Ад Бялобжэгі да Нямнова

Паўстанне 1830–1831 гг. скончылася, і адразу ўзнялося пытанне пра далейшы лёс будоўлі канала. Але перш чым рабіць нейкія высновы, І. Ф. Паскевіч 11 снежня 1831 г. загадаў скласці і прадставіць як мага хутчэй падрабязны агляд стану канала з вызначэннем усіх пашкоджанняў, выдаткаў і часу, які патрэбны для правядзення ўсіх належных па аднаўленню канала работ і падтрымання канструкцыі да вясны 1832 г. Было загадана скласці камісію ў складзе Х. Х. Хрысціані, М. М. Малецкага і яшчэ аднаго дасведчанага і кемлівага «штаб ці обэр-афіцэра», якому можна была бы растлумачыць усе планы наконт канала і даручыць пры нагодзе нагляд за аднаўленчымі работамі.

Адзначым, што ў лісце галоўнакамандуючага канал згадваецца як маючы 21 шлюз, цалкам дабудаваны ў 1830 г., на яком літаральна напярэдадні паўстання ўжо пачалася навігацыя. Пра гэта ускосна сведчыць і колькасць разбураных паўстанцамі мастоў. Згодна з картай Аўгустоўскага канала, тэрыторыя ад Бялобжэгі да Нямнова ўключае 13 мастоў на адлегласці больш ста кіламетраў. Заўважым, што калі канал быў цалкам дабудаваны (у 1839 г.), ён налічваў 14 мастоў. Значыць, паўстанцы разбурылі амаль усе масты, знішчыў, такім чынам, ўсю сістэму надводнай камунікацыі.

Чым стаў канал ў рэгіёне

Па выніках праведзенай інспекцыі генерал М. М. Малецкі склаў справаздачу з картай Аўгустоўскага канала і каштарыснымі разлікам, якія павінны былі даць уяўленне пра сапраўдныя выдаткі, патрэбныя для аднаўлення і завяршэння гэтага воднага шляху. Даклад быў на імя І. І. Дэна, аднаго з самых таленавітых ваенных інжынераў расійскай арміі ХІХ ст. Дэн быў дасведчаным спецыялістам фартыфікацыі, кіраваў і прыймаў актыўны ўдзел у 30–40 гг. у стварэнні такіх крэпасцяў, як Нова-Георгіеўская, Аляксандраўская, Іванагародская і Брэст-Літоўская. Акрамя таго, кіраваў будаўніцтвам і развіццём Варшаўска-Венскай чыгункі. Асобным эпізодам ў дзейнасці Дэна была яго бляскучая, прадбачлівая рэкамендацыя маладому Э. І. Татлебэну. Цяпер жа 46-гадоваму ваеннаму інжынеру трэба было ацэніць перспектывы завяршэння складанага гідратэхнічнага будаўніцтва ў Аўгустоўскай пушчы.

І. І. Дэн не толькі ўважліва прааналізаваў дэталёва складзены рапарт свайго калегі, але і дадаў да яго шэраг трапных заўваг, якія шмат тлумачаць ў разуменні месца і ролі Аўгустоўскага каналу ў эканоміке рэгіёна.

Па-першае інжынер-генерал выказвае сумненне ў канчатковым завяршэнні будаўніцтва, аднак самы вялікі скепсіс Дэн выказвае наконт выгады каналу. Вопытны фартыфікатар адзначае здзіўленасць, што напярэдадні будаўніцтва дарагога праекту не быў улічаны такі геаграфічны факт, як далейшы водны шлях па Нараву і Нёману, бо «калі судаходства па рэкам Нараў і Нёман выклікае такія вялікія складанасці, то галоўная карысць ад Аўгустоўскага каналу знікае, бо неабходна будзе выканаць вялікую працу па ачышчэнню дадзеных рэк». Справа ў тым, што Нёман патрабаваў такіх капіталаўкладанняў у яго ачышчэнне, што ніякія прыбыткі за кошт падаткаў і пошлін не кампенсавалі бы выдаткаў, якія патрабавалі будаўнічыя работы на канале.

Гэтыя аргументы Дэна знайшлі пацвярджэнне ў далейшай гісторыi, бо рукатворная водная артэрыя стала толькі мясцовым транспартным шляхам прылеглых літоўскіх і беларускіх зямель. Ён выкарыстоўваўся галоўным чынам для сплаву лесу і розных будаўнічых матэрыялаў, а не для транзіту сельскагаспадарчых прадуктаў, як першапачаткова планавалася.

Праэкт цаной в паўтара мільёна

Вердыкт І. І. Дэна быў наступным: рацыя рацыяй, а палітыка палітыкай, і паколькі ідэя канала была ўвасоблена ў час праўлення імператара Аляксандра, то мае сэнс адрамантаваць пашкоджанні, выкліканыя падзеямі мяцежу, і чакаць вялікай вады, калі канал «будзе служыць стымулам развіцця прамысловасці на рэках Нёман, Нараў і Вісла і акрамя таго, без сумневу, прынясе некаторую карысць прыбярэжнаму краю».

Звяртаюць на сабе звесткі пра кошт будаўнічых і рамонтных работ на канале, якімі аперыруе М. М. Малецкі. Вядома, што ў 1839 годзе, па заканчэнню канала, яго кошт склаў больш чым 14 000 000 польскіх злотых альбо 1 500 000 рублёў срэбрам, што амаль у два разы перавысіла зацверджаны Аляксандрам І 15 лютага 1825 г. каштарыс на стварэнне канала. Яны ўключалі ў сабе 122 000 злотых, што каштавала бы выпраўленне пашкоджанняў, якія зрабілі паўстанцы. Акрамя таго, сюды варта дадаць яшчэ 150 000 польскіх злотых — кошт пабудоў уздоўж канала, разбураных удзельнікамі паўстання. Каб уявіць неяк памеры выдаткаў на канал, нагадаем, што ў 30-я гг. ХІХ ст. у Расійскай імперыі на 1 500 000 рублёў срэбрам можна было набыць 6000 прыгонных сялян і 12 000 га зямлі.

Фінансавыя ўкладанні ў стварэнне Аўгустоўскага каналу робяць яго адным з самых маштабных праектаў Расіі ў першай палове ХІХ ст. і адначасова адным з самых стратных. Толькі цяпер, на пачатку ХХІ ст., створаная 200 гадоў назад водная артэрыя памежжа стала сапраўднай крыніцай прыбытку мясцовай супольнасці суседніх краін.

Аўгустоўскі канал — гэта яшчэ і помнік моцнай грамадзянскай прагі да волі. З пэўнай доляю рацыі можна выказаць здагадку, што загады па разбурэнню канала аддаваў менавіта Прандзінскі, які выдатна знаў самыя важныя, вузлавыя элементы канструкцыі. Шкадаванне свайго разумна і рупліва зробленага было моцным і балючым, але прага да незалежнасці была мацнейшай.