Закруцім пад зорамі: Гродна запрашае на міжнародную ноч традыцыйных танцаў

Гродна на адныя суткі стане цэнтрам полек ды кадрыляў. Першыя ў Беларусі дзень і ноч традыцыйных танцаў у міжнародным фармаце зладзяць 11-12 лістапада ў сядзібе «Райскі куток» у Зарыцы.

— Імпрэза будзе складацца з дзвюх частак: дня і ночы. Удзень адбудуцца майстар-класы па польскіх, літоўскіх і беларускіх танцах, у тым ліку, уласцівых для гарадзенскага і памежных рэгіёнаў. Іх правядуць выкладчыкі з Польшчы, Літвы і горада Мінска. Ноччу ўдзельнікі падзеі змогуць папрактыкаваць атрыманыя навыкі ды прытупнуць абцасам на сапраўднай традыцыйнай вечарыне. Цягам усёй ночы для танцораў будуць граць капэлы з Вільні, Рыгі, Беластока, Мінска, Полацка, Гродна», — расказаў суарганізатар сацыяльнага праекта «Танцы Гарадзенскіх Дворыкаў» Андрэй Бароўскі.

Прыняць удзел у сустрэчы можа кожны ахвотны, незалежна ад узросту (дзяцей запрашаем разам з бацькамі), нацыянальнасці або танцавальнага досведу. Цікавосткі чакаюць як тых, хто мае харэаграфічную падрыхтоўку, так і тых, хто ўвогуле ніколі не танчыў. Асноўныя крокі і рухі навічкам пакажуць «з нуля».

Удзельнікі навучацца танчыць падыспань, кракавяк, кадрылі, вальсы, «Лысага», «Нарэчанку», «Акуліну» і, канешне, польку, якая толькі падаецца простай, але мае процьму сваіх разыначак. Музыкі запрошаных капэлаў зайграюць на дудзе, дудцы, скрыпках, гармоніку, акардэоне, кларнеце, дыатанічных цымбалах, барабанах.

Апрануць можна сваё звычайнае адзенне, але вітаюцца і аўтэнтычныя народныя строі. Пажадана, каб дзяўчаты і жанчыны былі ў спадніцах або сукенках, а хлопцы і мужчыны — у доўгіх штанах, кашулях і ботах. Не абавязкова прыязджаць са сваёй парай — партнёры знойдуцца на месцы.

Можна прыехаць асобна на майстар-класы або толькі на ноч танцаў. Не забараняецца заставацца гледачом. Хто стоміцца танчыць да ранку, можа пераночыць на месцы.

 

Дзейнічае папярэдняя рэгістрацыя да 7 лістапада.

Ладзіць імпрэзу сацыяльны праект «Танцы Гарадзенскіх Дворыкаў».

Спасылка на форму рэгістрацыі

Спасылка на праграму сустрэчы