«Мы не цэнім ні жыцця, ні смерці» — ў былой «Крызе» адкрылася выстава для тых, хто пакуль жывы

Дзевяць ашаламляльных карцін пра жыццё і смерць выставы «Дажынки» Жанны Капуснiкавай звычайнага беларуса паказваюць у Цэнтры гарадскога жыцця (былой арт-галерэі «Крыга»).

Аўтар вядзе гледача па трох залах і расказвае гісторыю драмы чаалвечага жыцця. На агромістых карцінах па паўтара-два метры бачныя тыя самыя людзі. Адпачывае слесар, дзеці набралі ў торбы кукурузу, гаротная маці прыціскае да грудзяў парсючка, мужчыны перагаворваюцца ля дошкі гонару. Звычайныя сітуацыі штодзённага жыцця. Карціны ўпрыгожаныя беларускімі знакамі і сімваламі, якія пазнае ці не кожны гледач: арнаменты з бабуліных вясковых посцілак, галубкі закаханых, працоўная камуфляжная форма, малюнкі на пластыкавых пакетах з гіпермаркета. Аднак паступова нарастае трывога. Побач з вышыванымі ружамі па дыване і за вокнамі едуць танкі, утвараючы свой «арнамент».

Адна з самых напружаных выяваў, дзе аголеныя людзі са скурай чырвонага колеру збіраюць рассыпаную соль. Апошняя зала пакідае цяжкія пачуцці. На трох палотнах смерць і пахаванне герояў, якіх бачылі ў папярэдніх сюжэтах. На дошцы гонару ўсе партрэты павязаныя чорнымі стужкамі. Дапаўняюць інсталяцыю два зэдлікі ў куце пакоя, пастаўленыя такім чынам, што на іх можна паставіць труну з памерлым.

 Яскравыя, рэзкія, насычаныя колеры. Персанажы на карцінах прыкладна звычайнага чалавечага роста. Калі гледач падыходзіць да палатна, то гарманічна ўпісваецца ў сюжэт. Драма жыцця, ад якой людзі закрываюцца ўпрыгожваннямі, арнаментамі, кукурузай, парсючкамі. Вось у чым адметнасць гэтай экспазіцыі.

«Мы звыкліся жыць так, быццам бы ніколі не памрэм. Мы сталі неасцярожныя ва ўчынках, словах і думках — і не задумваемся, што наўпрост ці ўскосна можам уплываць не толькі на жыццё, якое точыцца вакол нас, але і на смерць навокал нас. Мы да іх прызвычаіліся: і да жыцця, і да смерці. Мы не цэнім ні жыцця, ні смерці. Ні сваёй, ні чужой…», — гаворыцца ў прамове да выставы.

Выстава «Дажынкі» менскай мастачкі Жанны Капуcнікавай будзе працаваць яшчэ месяц да сярэдзіны верасня.