Раскоша і Кірхавая: вуліцам хочуць дапісаць былыя назвы

На вуліцы Ажэшкі можа з’явіцца шыльда «Раскоша», а на Акадэмічнай — «Кірхавая». Гарадзенцы прапануюць пазначыць у гістарычным цэнтры горада назвы, якія вуліцы насілі раней. Петыцыю ў інтэрнэце можна падпісаць да 15 лістапада.

Ідэя ў тым, каб скласці спіс з 10-15 цэнтральных вуліц горада, якія мелі іншыя гістарычныя назвы. Да прыкладу, Савецкая вуліца калісьці была Віленскай, Дамініканскай, Саборнай, а вуліца Элізы Ажэшкі — Садовай, Мураўёўскай, Раскошай. На дамах у пачатку і ў канцы вызначаных вуліц можна павесіць шыльды з іх былымі імёнамі. Праект дапамог бы гарадзенцам і турыстам больш даведацца пра гісторыю горада, стварыў бы атмасферу мінулага. Такую прапанову з просьбай дазволіць і выдзяліць грошы ці знайсці спонсараў на рэалізацыю ідэі ініцыятары петыцыі накіруюць у гарвыканкам. Актывісты на кожным з этапаў гатовыя дапамагаць уладам. Подпісы пад зваротам ужо пакінулі амаль 600 чалавек. Дарэчы, гістарычныя назвы у Гродне носяць вуліцы Маставая, Вялікая Траецкая, Падольная, Калючынская. Цікава, што падобныя шыльды ўжо з’явіліся ў Мінску, Магілёве, Баранавічах, Міры і нават пасёлку Халапенічы Мінскай вобласці.