Цікавыя факты пра злачыннасць у ХІХ стагоддзі: кантрабандысты хадзілі ў Ласосна, а вайскоўцы — ў публічныя дамы

Намеснік губернатара арганізаваў карупцыйную групу, Нёману не дазволілі замерзнуць, а каб раскрыць злачынства, падазраваных збівалі. Пра малавядомыя асаблівасці злачыннаці ў Гродне ў ХІХ стагоддзі распавёў гісторык Алесь Радзюк.

Паромная пераправа

Намеснік губернатара арганізаваў карупцыйную групу, Нёману не дазволілі замерзнуць, а каб раскрыць злачынства, падазраваных збівалі. Пра малавядомыя асаблівасці злачыннаці ў Гродне ў ХІХ стагоддзі распавёў гісторык Алесь Радзюк.

Гісторык Алесь Радзюк

Святара чацвертавалі, а забойцу так і не знайшлі

Адно з самых рэзанансных забойстваў ХІХ стагоддзя так і не раскрылі, нягледзячы на тое што ў ім падазравалі сем чалавек. Цела ксяндза Любавецкага без галавы, рук і ног знайшлі ў туалеце ў лютым 1843 года. Сярод падазраваных быў мужчына, які першы натыкнуўся на труп, асобы, якія нешта пазычалі ў святара або канфліктавалі з ім. Найбольш верагодным забойцам з’яўляўся пажарны Антон Забельскі: супраць яго знайшлі больш за дзесяць абвінавачванняў. Чулі, як ён раней пагражаў ксяндзу, што яго «варта забіць ды на кавалкі пасекчы». У дзень забойства ён, напужаны, зранку прыбег у паліцэйскі ўчастак і запытаўся, што новага чуваць. Каля яго дома знайшлі сляды крыві. Аднак гродзенскі суд абвесціў такую пастанову: «Смерть ксендза последовала от убийства с отсечением от тела головы, рук и ног. По неоткрытию в том виновных по статье 1177 Свода уголовных законов представить воле Божией, пока впредь открыться не может». Пры гэтым суд пакінуў Забельскага «ў моцным падазрэнні». За пажарнага паручылася гродзенская хрысціянская грамада, інакш яго выслалі б у Сібір.

Габрэяў перасталі вінаваціць у забойстве дзяцей

Яшчэ адно гучнае забойства адбылося ў красавіку 1816 года. Малая дзяўчынка Мар’яна Адамовіч выйшла на падворак і не вярнулася дадому. На наступны дзень яе цела знайшлі ў кіламетры ад дома з адрэзанай рукой. Вінаватых не знайшлі. Падазравалі, што забойства ўчынілі жыды і яно насіла рытуальны характар. Аднак менавіта пасля гэтай справы Сенат, вышэйшая судовая ўстанова Расійскай імперыі, вырашыў больш не абвінавачваць жыдоў у забойстве дзяцей хрысціян. У 1980 годзе ў Маскве выйшла кніга пра гісторыю Гродна ў мастацкім стылі, дзе ўзгадваецца забойства малой Мар’яны.

Намеснік губернатара паклаў падаткі сабе ў кішэню

Некалькі рэзанансных крадзяжоў адбылося ў вышэйшых колах. Так, віцэ-губернатар Максімовіч наладзіў карупцыйную схему. Напрацягу 1816–1823 гадоў ён прысвоіў сабе частку падаткаў, якія паступалі ў казёную палату. Пасля дзяліў грошы з чыноўнікамі. Тады бюджэт недалічыўся 15,8 тысячы рублёў срэбрам і 188 тысяч рублёў асігнацыямі. Для параўнання, сярэдні заробак на месяц складаў 23 рублі, фунт валавіны — 5 капеек, фунт цукра (ён быў дарагім прадуктам) — 10 капеек. У выніку Максімовіч вяртаў запазычанасць дзяржаве з сваёй маёмасці. У 20-я гады Гродзенскую губернію абвясцілі банкротам. Праз дзесяць год іншы казначэй скраў 19 тысяч рублёў з бюджэту. Пазней у гарадской думе чыноўнікі скралі 20 тысяч рублёў. Толькі аднаго з іх саслалі ў Сібір. Увогуле кралі ўсё і паўсюль. Вядома пра крадзяжы ў турме, гімназіях, сінагогах, кляштарах, крамах і нават у доме самаго губернатара. Ганаровы грамадзянін Вільні зрабіў падкоп пад казначэйства і скраў каштоўтныя паперы. З сінагогі прапалі 20 свяшчэнных світкаў вагай па 16 кілаграмаў. З Замкавай гары зніклі калы, якія ўмацоўвалі схіл ад ссоўвання ў Нёман.

Нёману «забаранілі» замярзаць

Незвычайным злачынствам стала адсутнасць ільду на Нёмане ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Адзінай пераправай праз раку быў платны паром, а ўзімку — бясплатны лёд. Але два гады запар Нёман не спыняўся, нягледзячы на моцныя маразы. Высветлілася, што ўласнік пераправы Лапін за сорак рублёў наняў сялян з Салоў, каб яны вышэй па цячэнні з дапамогай каната затрымлівалі лёд. Іншыя сяляне з Пышкоў калолі крыгі, каб тыя не даплывалі да горада. Выкрыць хітрасць атрымалася толькі генерал-губернатару з Вільні. Аднак складу злачынства не знайшлі, таму Лапіна не пакаралі.

Салдаты папрасілі ў губерантара танныя публічныя дамы

Большасць злачынцаў былі «гастралёрамі» і вайскоўцамі. Апошнія стымулявалі развіццё прастытуцыі. Публічныя дамы месціліся ў звычайных жылых дамах. Захаваўся ліст салдат да губернатара, у якім яны просяць адкрыць больш танныя публічныя дамы, пагражаючы, што інакш будуць хапаць жанчын на вуліцах. Дарэчы, паслуга прастытуткі каштавала 1 рубель.

За кантрабандай хадзілі ў Ласосна

У кожным трэцім доме быў шынок, дзе нелегальна прадавалі гарэлку. «П’яны шопінг» быў самым папулярным відам кантрабанды. Гарадзенцы натоўпамі хадзілі ў польскае Ласосна за гарэлкай па нізкіх коштах. Тады яны ўжывалі па вядру гарэлкі на чалавека за год.

Крымінальных аўтарытэтаў ніхто не чапаў

Вядомым крымінальным аўтарытэтам быў габрэй Элія Хан. Яго шайка рабіла падпалы, нападала на мірных жыхароў, разбівала шыльды. Восем разоў супраць Хана ўзбуджалі крымінальныя справы. Але запалоханыя людзі баяліся сведчыць супраць яго. Толькі аднойчы яго пасадзілі на 15 сутак: ён збіў гарадавога.

Працаваць катам не хацеў ніхто

Адным з відаў пакарання было катаванне бізуном і плёткай. Дзесяццю ўдарамі бізуном можна было забіць чалавека. Плётка біла менш жорстка. Вядома, што падчас допытаў падазраваных білі нават да смерці. Існавала такое пакаранне, як царкоўнае пакаянне: чалавека закрывалі ў кляштары да года, каб замольваў грахі. Так быў пакараны дваранін, які жыў у нераспісаным шлюбе. Злачынцам пакідалі клеймо на твары: «кат» (катаржнік) або «вор». Працаваць катамі не хацеў ніхто, прапанавалі нават асуджаным да ссылкі ў Сібір, але нават яны адмаўляліся.

 

Самым крымінальным раёнам лічылася плошча

Найбольш крымінальнымі раёнамі ў ХІХ стагоддзі былі цяперашнія Савецкая плошча (Сянны рынак побач з ёй), Савецкая, Маставая і Падольная вуліцы, вуліца Ажэшкі і чыгуначны вакзал.

Самагубства і падкідышы лічыліся злачынствамі

Самым папулярным злачынствам былі крадзяжы (70 %). Цікава, што самагубствы таксама лічыліся злачынствам і стаялі на другім месцы па колькасці. За няўдалае самагубства чалавека маглі пасадзіць у турму. Прычыненне цялесных пашкоджанняў складала 6,7 % злачынстваў, забойствы — 5,5 %, разбой — 4,7 %, падкідышы — 2,6 %, кантрабанда — 1,6 %.