Князь Вітаўт і святы Губерт з электракатушак пасяліліся пад Гродна

Пленэр мастакоў «Арт-салат» ладзіўся ў вёсцы Салацце каля Парэчча Гродзенкага раёна з 1 па 7 ліпеня. Плёнам працы сталі арт-аб’екты з электракатушак, якія ўпрыгожаць наваколле вёскі.

Каваль Юрый Мацко на тыдзень аб’яднаў у сваёй сядзібе гарадзенскіх і мінскіх мастакоў. У выніку гэтага вяскоўцаў вітае незвычайны князь Вітаўт у металічным плашчы і з электракатушкай замест сэрца.

Матэрыял для твораў постмадэрну знайшоўся выпадкова. Знаёмы прапанаваў выкарыстаць драўляныя катушкі з-пад электраправадоў, што засталіся пасля будоўлі.

— Вітаўт з’яўляецца маім кумірам, — распавядае аўтар працы Юрась Мацко. — Ён змагаўся за незалежную краіну, перамог у Грунвальдскай бітве нямецкае рыцарства. Гэта стала пераломным момантам у гісторыі Еўропы. Таксама ён падрыхтоўваў царкоўную ўнію, каб аб’яднаць насельніцтва з адной верай.

Вядомы гарадзенскі мастак Алесь Сураў невыпадкова абраў за тэму для свайго твора святога Губерта.

— У 11 кіламетрах адсюль у вёсцы Бершты горада Гродна ў якасці герба была зроблена выява аленя святога Губерта з крыжом міэ рагамі, — тлумачыць Алесь Сураў. — Таму ён тут і пасяліўся.Таксама я намаляваў сімвалы сонца — сярэднявечныя знакі, якія звычайна ставілі пры дарогах як абазначэнне ўласнасці пэўнага князя.

Майстры з Мінска Алесь Трусаў і Васіль Верын стварылі калядную зорку.

— Мы хацелі нагадаць пра беларускія традыцыі. Спадзяемся, што каля нашай зоркі вяскоўцы будуць святкаваць Каляды, — выказваюцца аўтары.

Яшчэ адзін мінчанін Уладыслаў Стальмахаў верыць, што любоў выратуе свет. Адпаведны сюжэт ён адлюстраваў на сваёй катушцы.

— Я адштурхоўваўся ад формы, а не ад зместу. Катушка нагадвала круглы малюнак, і я абраў за сімвал выратавальны круг. Як вядома, ратунак трэба шукаць у каханні, таму на малюнку двое закаханых. З другога боку я напісаў свой верш аб каханні, — падзяліўся думкамі мастак.

Сталічныя дызайнеры Дзяніс Трапашка і Дзмітрый Беляховіч стварылі вялізны аловак-гармату.

— Аловак гэта наш працоўны інструмент. Мы хочам зрабіць сваю творчасць гучнай для гледачоў, як салют гарматы. Адлюстраваннем гэтага жадання і стаў наш твор.

На паляне, дзе праходзіў пленэр, таксама можна ўбачыць Пізанскую вежу Дзмітрыя Сурскага, дзьмухаўцы Вацлава Рамашкі, прыродныя матывы Анатоля Скамарошчанкі, анёла з цмокам Васіля Мартынчука і партрэты саміх мастакоў пэндзаля іх калег.

Удзельнікі пленэра атрымалі добрыя ўражанні ад тыдня творчасці і адпачынку. Арганізатары плануюць рабіць падобныя мерапрыемствы ў Салацці рэгулярна, прынамсі раз на два гады.