Папа Рымскі прывітаў гарадзенцаў на плошчы Святога Пятра

Навучэнцы і выхавацелі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прыехалі на сустрэчу з Папам Францішкам у Ватыкан у сераду, 15 красавіка. Ён прывітаў іх з перакладам на беларускую мову, паведамляе Ватыканскае Радыё.

На агульнай аудыенцыі на плошчы святога Пятра разам з іншымі пілігрымамі прысутнічалі гродзенскія біскупы, святары і семінарысты. Асобна Пантыфік звярнуўся да гарадзенцаў:

— Умілаваныя, няхай візіт да магіл святых апосталаў Пятра і Паўла нагадвае вам, што пакліканне да святарства, перш за ўсё, асабістая сустрэча з уваскрослым Хрыстом, які кліча і пасылае сваіх вучняў несці ўсім радасную навіну аб збаўленні. Аб’яднаныя з ім, будзьце мужнымі, каб сведчыць Евангелле са шчырасцю і міласэрнасцю. Я благаслаўляю вас з любоўю. Хвала Езусу Хрысту!

Пасля агульнай сустрэчы Папа Францішак падышоў да беларускіх пілігрымаў і размаўляў з імі некалькі хвілін. Гарадзенцы запрасілі Папу наведаць Беларусь. Завяршылася кароткая сустрэча супольным фота.

Візіт у Ватыкан стаў адным з пунктаў падарожжа гарадзенцаў у Рым з нагоды 25-годдзя дзейнасці семінарыі. Пілігрымка пачалася 10 красавіка. Яе ўдзельнікі наведваюць галоўныя рымскія базылікі, а таксама месцы, звязаныя з жыццём апосталаў і святых.