Віншаванні вернікаў з нагоды ўрачыстасці Вялікадня 2015 года

Улюбёныя ў Хрысце Пану, Браты і Сёстры!

Як і кожны год, у Вялікодныя святы разам з жанчынамі з Евангелля духоўна ідзем у напрамку гроба Хрыста. Поўныя ашаламлення, бачым камень, адсунуты ад уваходу, і разумеем, што ў гробе няма цела Езуса. Мы чуем словы анёла, якія напаўняюць нашы сумныя, устрывожаныя сэрцы радасцю і супакоем: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк. 24, 5–6).
Хрыстос уваскрос, сапраўды уваскрос!

Гэтая самая галоўная праўда нашай веры дазваляе больш духоўна паглядзець на свет, на выдарэнні і рэчаіснасць спраў, якія нас ахопліваюць. У Пасхальнай перспектыве нашага зямного жыцця і будучага Змёртвыхпаўстання мы распазнаем Хрыста як адзінага Пераможцу над валадарствам смерці, цемры і граху. Яго мука і смерць з’яўляюцца задаткам нашага збаўлення, а крыж Хрыста для тых, хто ў Яго паверыў, ёсць знакам бязмежнага прабачэння і брамай вечнага жыцця.

I хоць тут, на зямлі, наша жыццё не пазбаўлена выпрабаванняў, пакутаў і фізычнага болю, то сэрцы насычаюцца цвёрдай надзеяй у перамогу дабрыні і Божай ласкі. У гэтыя Вялікодныя святы мы ў чарговы раз маем магчымасць перажываць радасць сустрэчы з уваскрослым Хрыстом. Вызнаючы веру ў Змёртвыхпаўстанне Езуса і наша з Ім змёртвыхпаўстанне, мы паўтараем за святым Апосталам Паўлам: «Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала? […] Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста» (1 Кар. 15, 55.57).

Дарагія Браты і Сёстры! У свята Уваскрасення нашага Пана жадаю Вам усім, каб вера ў Хрыста была сталай крыніцай унутранай радасці, духоўнага супакою, мужнасці і вернасці Богу. Нам нельга стамляцца сведчыць аб надзеі, якая ёсць ў нас ад Хрыста Уваскрослага. Няхай Божая любоў, абвешчаная Збаўцам Езусам ў Пасхальных таямніцах Яго Мукі, Смерці і Уваскрасення, напаўняе кожны дзень і робіць нас здольнымі пераадольваць складанасці і праслаўляць Бога кожнай нашай добрай справаю!

Перажываючы разам з вамі радасць Велікодных свят, я ахінаю вас сваёй малітвай і выпрошваю шчодрыя Божыя ласкі! Усіх паважаных Святароў, дарагіх Асоб кансэкраванага жыцця і ўлюбёных Вернікаў з усяго сэрца бласлаўляю. Вясёлага Алелюя! Хрыстос уваскрос — сапраўды Уваскрос! Са святам Вялікадня!

Аляксандр Кашкевіч, Гродзенскі Біскуп