Трыццаць тры сучасныя іконы пакажуць у Каложы

Выстава ікон, у якіх спалучаюцца традыцыйныя каноны і сучасная інтэрпрэтацыя, адкрыецца ў нядзелю, 8 лютага, апоўдні ў Каложскай царкве.

На іконах адлюстраваныя традыцыйныя сюжэты — Хрыстос, Багародзіца, святыя, біблійныя замалёўкі. Больш за трыццаць экспанатаў з’явліся пасля міжнароднага пленэру, што ладзіўся летась улетку ў Польшчы. Над творамі працавалі мастакі з Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны, якія не з’яўляюцца іканапісцамі. Усе яны паспрабавалі пераасэнсаваць кананічную традыцыю.

Большасць з твораў можна назваць іконамі, што нястрога адпавядаюць канонам. Але з іх выбіваюцца тры, якім хутчэй пасуе назва «карціны на рэлігійную тэматыку».

Адна з іх — распяцце, якое намалявана з адваротнага боку крыжа. Як патлумачыў святар Каложскай царквы Георгій Рой, на іконе мусяць быць бачныя вочы Хрыста, а выява са спіны паважна парушае гэты канон. Яшчэ адзін твор перадае момант, калі Хрыстос сышоў у пекла ратаваць грэшнікаў. Але ж д’ябал у пекле «выйшаў гламурным», па словах святара, а стыль напісання твору не адпавядае іканапісанню. Яшчэ адно выключэнне — выява сцэны Дабравешчання Багародзіцы.

Экспазіцыя будзе дзейнічаць да 8 сакавіка. Пасля іконы вернуцца да аўтараў.

Падобны пленэр з наступнай выставай у Каложы ладзіцца ўжо другі раз. Арганізатарамі выставы выступілі Каложская царква і Генеральнае консульства Рэспублікі Польшчы ў Гродне.