Дудар з Адэльска зрабіў аркестр сваімі рукамі (фота, відэа)

Мар’ян Скрамблевіч пачаў вырабляць першыя дуды і флейты двадцаць пяць год таму. Цяпер яго калекцыя налічвае некалькі сотняў музычных інструментаў.

— Вось гэтаму дрэву трыста год. — Майстар працягвае светлую дудку, падобную на іншыя. — Гэта сасна — панюхайце. Калі паглядзець на святло, бурштын нават свеціцца па робрышках — смала-жывіца. Калі касцёл крылі, з купала павыкідалі старыя кавалкі. А я сабраў некалькі штук. Дуда, зробленая з сасновага даху — сіпаватая. Чуеце?

Дудар дакранаецца вуснамі — і сасновыя прыглушаныя гукі працінаюць паветра.

— Мяне ніхто не вучыў, я сам даходзіў, дзе і пад якім нахілам рабіць адтуліну, як накіраваць паветра, як стварыць вялікі рэгістр, — прызнаецца Мар’ян Антонавіч.

Ён быў гарманістам, стварыў свой хор, працаваў загадчыкам клуба, а пасля пераўтварыўся ў заўзятага дудара і майстра. Пачаў з рэстаўрацыі старой дудкі, іншых духавых і скрыпак. Нарэшце вырашыў ствараць свае інструменты. Даследаваў па-над дваццаць гатункаў дрэў, вывучыў, калі іх лепш зразаць, як сушыць. Нават аднойчы ўзімку палез за чаротам ды праваліўся ў ледзяную ваду. Але з яго захаплення сталі падсмейвацца калегі, і Мар’ян Антонавіч працягнуў дасканаліцца патаемна.

— Такія дуды амаль ніхто не робіць, за выключэннем украінцаў і беларусаў, — з гонарам кажа творца. — Вось флейта, зробленая па ўзоры XVIII стагоддзя. У пазамінулым годзе на фестывалі ў Мінску хлопец-прафесіянал пайграў на ёй — атрымалася супер! Сказаў, што нідзе такой добрай не сустракаў.

Яго драўляным акарынам дзівіліся на польскім фестывалі, бо звычайна акарыны робяць з гліны. Ёсць у Мар’яна Антонавіча і гліняная акарына ў форме гусяняці.

 

— Чуеце, як рэзка пішчыць? А дрэва дае зусім іншы — мяккі, аксамітны гук. Гэта проста неба і зямля, — кажа ён.
Майстар грае нешта задуменнае, і перад вачыма паўстаюць вобразы то беларускіх лугоў, то жар-птушкі з усходняй казкі-калысанкі. Пачне хутчэй перабіраць пальцамі — ды ногі самі падхопліваюцца да танцаў.

Калекцыя не перастае здзіўляць. Вось дудка з інданэзійскага бамбука, граючае яйка, створанае пад натхненнем яйкамі Фабержэ, паляўнічыя свістулькі і жалейкі, што паўтараюць галасы жывёлаў. Распрацаваў і дванаццаць дудачак, кожная з якіх пачынае граць з іншай ноты адной актавы.

 

— Хлопцы прыходзяць да мяне на свята і адразу так моцна дзьмуць. Я кажу: «Лопнеце». А я зрабіў так, каб хапала лёгкага подыху, — спадар Мар’ян паказвае дудку, на якой можна граць нават носам.

Мар’ян Антонавіч не спыняецца на нечым адным, а ўсё прыдумвае нешта новае. Паслухаць яго прыязджалі музыканты з Францыі, а гаспадар заўсёды рады гасцям. Цяпер яго разам з творамі можна знайсці ў музейным пакоі, што працуе ў Адэльскім цэнтры культуры і народнай творчасці.

Даведка ВГ

Інструменты Мар’яна Скрамблевіча занеслі ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў у 2011 годзе, ён стаў народным майстрам Беларусі напрыканцы 2013 года.