З гісторыі судаходства на Нёмане. Частка I. Пра віціннікаў і пра віціны

Для нас, якія жывуць на берагах Нёмана ў ХХІ стагоддзі, вялікая рака ўспрымаецца найперш як упрыгажэнне Гродзеншчыны. Эканамічнае ж значэнне ракі не асабліва значнае, тым больш ніхто не ўспрымае яе як транспартную артэрыю. Хаця апошнім часам усё часцей гучаць размовы пра адраджэнне судаходства найперш у турыстычных мэтах, паколькі Нёман шчыльна звязвае нас з Літвой, а праз Аўгустоўскі канал — і з Польшчай. Таму варта пагаварыць аб добра прызабытых сёння традыцыях нёманскага судаходства.

Віціна і платы ў Гродне

У часы Кіеўскай Русі па Нёмане хадзілі купецкія ладдзі або баявыя насады, пасля пераможнай бітвы пад Грунвальдам у Каралявец (славянская назва Кёнігсберга) паплылі стругі гандляроў з Вялікага княства Літоўскага, а з сярэдзіны ХІХ ст. на Нёмане можна было пабачыць рачныя караблі з усёй усходняй Еўропы. Са Шчары па сістэме Агінскага канала ў Гродна прыплывалі доўгія і вузкія буякі, з Віслы праз Аўгустоўскі канал адведвалі берліны, а ў якасці гасцей з Балтыкі прыплывалі адно- або двухмаштавыя марскія прускія боты.

Аднак самым важным працаўніком Нёмана стала віціна — велізарны пласкадонны драўляны карабель, назва якога паходзіць ад слова «віць». У самыя даўнія часы дошкі, з якіх рабіўся карабель, не збівалі цвікамі, а скручвалі (звівалі) вяроўкамі або галінамі дрэваў. Будавалі віціны толькі на Нёмане. Аднамачтавыя караблі былі даўжынёю да пяцідзесяці метраў і маглі перавозіць ажно двесце тон грузаў.

Віціны ішлі па Нёмане пачынаючы ад мясцовасці Свержань каля Мінска. Уласна ў гэтых мясцінах, асабліва ў Шчорсах, жылі найлепшыя праваднікі нёманскіх віцін. На вялікую віціну трэба было дванаццаць чалавек экіпажа. Далей важным гандлёвым пунктам былі Стоўбцы — уласнасць князёў Чартарыйскіх. Шмат віцін загружалі таварам таксама ў Мастах і Гродне. З нашых земляў у Каралявец везлі найперш патрэбнае Еўропе збожжа, а яшчэ каноплі (з іх рабілі масла і карабельныя канаты), тлушч, смалу, сала, спірт. З Еўропы віціны везлі да нас соль, мэблю, віно, селядцоў, вырабы з бавоўны і шоўку.

Віціна мела досыць вялікія памяшканні ў трумах. Сперадзе знаходзілася кухня, пасярэдзіне ляжаў тавар, а ззаду размяшчаўся пакой капітана. Гэты звычайна вельмі сціплы пакой на адваротнай дарозе з Прусіі абстаўлялі дарагой мэбляй і дыванамі — усё дзеля таго, каб не плаціць на мяжы мытную пошліну. Па вяртанні ў Гродна ўсе гэтыя рэчы прадаваліся багатай шляхце і гараджанам.

Ісці на віціне ўніз па Нёмане было небяспечна, а вяртацца ў Гродна, супраць цячэння ракі, вельмі цяжка. І тады караблю дапамагаў ветразь, або, найчасцей, фізічная сіла некалькіх дзясяткаў віціннікаў, якіх наймалі для таго, каб цягнуць карабель. Віціннікі паходзілі з мясцовых сялян, якія хацелі падзарабіць. Летнім днём стагоддзе таму на беразе ракі можна было ўбачыць наступную карціну: двацаць ці нават болей чалавек босыя цягнулі віціну, дапамагаючы сабе доўгімі кіямі i спяваючы сумную песню.