Юбілей прэзідэнта Гродна адзначылі ў аптэцы-музеі

Перанесціся ў 20-я гады мінулага стагоддзя прапанавалі гродзенцам ў аптэцы-музеі каля Фарнага касцёла ў чацвер, 23 кастрычніка.

На рэтравечарыне пад музыку 1920-х узгадалі уласніка Фарнай аптэкі Эдварда Сцянпнеўскага. Імпрэза з нагоды яго 135-годдзя распачала серыю сустрэчаў у аптэцы-музеі, прысвечаных культуры, мастацтву і фармацэўтыцы.

Эдвард Сцянпнеўскі быў арэндатарам, а пасля ўладальнікам Фарнай аптэкі з 1905 па 1939 гады. Дзякуючы яго намаганням аптэка мела статус узорнай. Сцянпнеўскага выбіралі дэпутатам гарадской думы, намеснікам старасты Гродзенскага павета, а таксама прэзідэнтам Гродна. Ён прыводзіў да ладу жыццё ў горадзе пасля Першай сусветнай вайны, адкрыў першы ў горадзе сталы тэатр, гістарычны музей, музей прыроды, пачаў стварэнне помніка Элізе Ажэшцы.

Паглядзець на арт-аб’ект, створаны да дня нараджэння гістарычнага дзеяча, і даведацца больш пра яго асобу можна ў аптэцы на працягу наступнага тыдня.