У Гродне хочуць стварыць фітнес-клубы для пенсіянераў і навучаць іх ва ўніверсітэце

Гарадзенцы хочуць учыніць горад больш прыязным для сталых людзей. Яны прапануюць рабіць зніжкі людзям пенсійнага ўзросту ў кавярнях ды крамах, а таксама адчыніць ва ўніверсітэце для моладзі факультэт для сталых.

фото: www.dw.de

Беларусь сёння займае 64 месца ў сусветным рэйтынгу краінаў па сацыяльна-эканамічным дабрабыце сталых людзей. Каб палепшыць якасць жыцця пенсіянераў, у Гродне пачалі распрацоўваць грамадскую кампанію «Горад, прыязны для сталых людзей». Пакуль ёй займаюцца заснавальнікі і актывісты гродзенскага «Універсітэту Залатога веку» — праграмы, прысвечанай сацыяльнай, інтэлектуальнай і фізічнай актывізацыі сталых гродзенцаў. У хуткім часе актывісты плануюць звярнуцца са сваім праектам да гарадскіх уладаў, бізнэсоўцаў, прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, грамадскіх арганізацый, распавёў старшыня праўлення грамадскай арганізацыі «Цэнтр «Трэці сектар»» Вітаўт Руднік.

Мінімум, якога яны хочуць дасягнуць у бліжэйшым часе, — гэта стварэнне гродзенскай «Залатой карткі» для сталых людзей. Гэта дазволіла б пенсіянерам атрымліваць зніжкі на тавары і паслугі, а таксама пры наведванні кавярняў, кінатэатраў.

Праграма-максімум на бліжэйшыя пяць год — зацвердзіць цэлую праграму па паляпшэнні якасці жыцця старэйшых людзей. Сюды ўваходзіць як стварэнне безбар’ернага асяроддзя (зручныя з’езды, поручні, ліфты пры перасоўванні на інваліднай калясцы ці мыліцах), так і арганізацыя клубаў па інтарэсах (каб палепшыць здароўе, абмеркаваць сад-агарод, навучыцца фатаграфаваць або вязаць, заняцца дабрачыннасцю). У планах ёсць і стварэнне пляцоўкі на базе аднаго з гродзенскіх ВНУ для навучання пенсіянераў замежным мовам, карыстанню камп’ютарам, прававым навукам ды іншым дысцыплінам, прыдатным у штодзённым жыцці.

У тэму

Глабальны Індэкс Age Watch разлічваецца ужо другі год сярод 96 краінаў, у якіх пражывае 91% сталых людзей планеты. Індэкс дазваляе прасачыць, якія краіны найлепш клапоцяцца пра сталых людзей (у сферы пенсійнага забеспячэння, аховы здароўя, сацыяльнай палітыкі і г. д.), а ў якіх краінах у гэтых сферах яшчэ трэба зрабіць шмат чаго.

Калі ў мінулым годзе Беларусь займала 60-е месца, то сёлета толькі 64-е. Польшча знаходзіцца на 32-м месцы, Латвія — на 35-м, Літва — на 60-м, Расія — на 65-м, Украіна — на 82-м месцы. Першае месца ў гэтым рэйтынгу належыць Нарвегіі, а апошняе – Афганістану.

Па матэрыяльнай забяспечанасці сталыя беларусы на 50-м месцы, па стану здароўя — на 84-м, па адукаванасці і занятасці на пенсіі — на 64-м, а па спрыяльнасці асяроддзя да іх (інфраструктуры і грамадства) — на 44-м месцы.

Паводле звестак Міжнароднай арганізацыі аховы здароўя, па дасягненні 60-гадовага ўзросту беларусы ў сярэднім маюць шанс пражыць 19 год (мужчыны 15, жанчыны 21). Аднак пры гэтым толькі 4 гады — у добрым стане здароўя.