Гродзенскіх прыхільнікаў Паліны Рэспублікі пабольшала ў дзесяць разоў

Ахвотных паслухаць спявачку Паліну Рэспубліку ледзь змяшчаў унутраны дворык галерэі «Крыга». На яе творчы вечар 18 жніўня прыйшло каля трохсот чалавек.

Песні на беларускай, рускай і нават французскай мовах мінская зорка спявала пад акампанемент дзвюх гітар. Дуэт ёй склаў гітарыст Уладзімір Пыльчанка. Песні гучалі ў большасці аўтарства самой Паліны. Публіка ведала тэксты, падпявала, танцавала. Напрыканцы выступлення слухачы па прапанове артысткі выходзілі на сцэну і чыталі вершы, спявалі. Цікава, што ўпершыню Паліна спявала ў Гродне ў лютым 2012 года. Тады паслухаць яе прыйшло ўсяго з тры дзясяткі асобаў. За два гады аўдыторыя вырасла ў дзесяць разоў.

Дарэчы, перад творчай сустрэчай з Палінай Рэспублікай у арт-галерэі «Крыга» адчынілася выстава Андрэя Стурэйкі «Шляхі, якія мы абіраем самі». Аўтар прадставіў на ёй серыю беспрадметных кампазіцый з сімвалічнымі назвамі: «У», «З», «На». Андрэй Стурэйка прысвяціў выставу маме і брату, якія пайшлі з жыцця ў гэтым годзе.