Лялькі коштам 5 тысяч еўра прыехалі да «Майстра»

Міжнародная выстава аўтарскай інтэр’ернай лялькі ручной працы «Панна Doll’я» адкрылася ў галерэі «У майстра». Некаторыя экспанаты даходзяць у кошце да 5 тысяч еўра.

Гарадзенцаў сустракаюць эпатажныя ды рамантычныя дзяўчыны, суровыя вытрыманыя бабулі, мілыя мягкія гномікі, ускалмачаныя дзяўчынкі з мішкамі, сівы лялечнік ды шкодныя ведзьмы: бялявая, рудая і чарнявая.

Як расказала мастацтвазнаўца Ала Матук, госці змогуць убачыць лялек у накірунку expression dоlls. Яны не абавязаны быць прыгожымі. Лялькі-вобразы павiнны выклікаць эмоцыі. Свае творы прадставілі больш за дзясятак аўтараў з краінаў Прыбалтыкі, а таксама з Масквы, Санкт-Пецярбургу, Мінску. Сярод аўтараў — знакамітыя лялечніцы Галіна Дзмітрук, Ірына Гарунова і Алена Карастылёва.

Лялькі выкананы ў тэхніцы халоднай і гарачай пластыкі, у фарфоры і ў тэхніцы качання. Усе экспанаты — унікальныя, прадстаўлены ў адзіным экзэмпляры. Нягледзячы на тое, што лялькі ручной працы даступныя ў адкрытай экспазіцыі, іх кошт дасягае пяці тысяч еўра.

Даведка «ВГ»

Першыя вядомыя лялькі ўзніклі ў старажытным Рыме пад назвай «фігурыны». Маленькія керамічныя статуэткі адлюстроўвалі моду патрыцыяў — тогі, тунікі. У Сэрэднявеччы лялькі прысутнічалі ў батлейцы, у тэатрах-містэрыях. Аўтарскія лялькі нарадзіліся ў Францыі ХVІІ стагоддзя. Іх апраналі паводле самых модных трэндаў. Французская лялька «Пандора» стала папярэдніцай Барбі. У яе былі не толькі модныя строі, але і аксесуары да іх — пальчаткі, карункі, сумачкі. Гэтыя лялькі амаль цалкам паўтаралі анатамічна жанчыну, былі ростам адзін-паўтара метра.