Бясплатныя курсы беларускай мовы распачнуцца ў Гродне

Навучыць гарадзенцаў размаўляць па-беларуску і дапамагчы ўдасканаліць узровень валодання роднай мовай хочуць стваральнікі бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова». Прэзентацыя і першы занятак адбудуцца 14 сакавіка а 19 гадзіне па адрасе вуліца Будзёнага, 48а, офіс 63.

Курсы прызначаныя нават для людзей, якія яшчэ ўчора не думалі, што могуць размаўляць па-беларуску. На першым занятку ўдзельнікі даведаюцца пра асаблівасці беларускіх народных імёнаў, гісторыю літары Ў ды іншыя цікавосткі. Ці не скончацца гэтыя курсы пасля першага занятку ў Гродне, будзе залежыць ад саміх гарадзенцаў. Калі ў рэгіёне будзе аўдыторыя і выкладчыкі, то заняткі стануць рэгулярнымі. Пазітыўны досвед ужо ёсць у Бабруйску і Баранавічах. Гродна стане трэцім рэгіянальным горадам, куды даедзе «Мова нанова».

Адзін з заснавальнікаў курсаў Глеб Лабадзенка патлумачыў, што яны з’яўляюцца своеасаблівым мастом у беларускі свет літаратуры, мастацтва, архітэктуры. Арганізатары разбураюць стэрыятэпы, што беларуская мова — гэта мова калхознікаў ці апазіцыі, што размаўляць па-беларуску можна толькі на краязнаўчыя ці філалагічныя тэмы.

Курсы «Мова нанова» распачаліся ў студзені гэтага года. Іх стварылі і вядуць у Мінску журналіст Глеб Лабадзенка і філолаг Алеся Літвіноўская. У сталіцы гэтыя інтэрактыўныя заняткі збіраюць каля 250 асобаў.

 

Чытайце таксама:

Рыгора Барадуліна звязвалі з Гродна жонка ды сябар

Минский школьник разработал белорусско-русский словарь для Android