Среда, 2 декабря
  • Погода в Гродно
  • -6
  • EUR3,1
  • USD2,5905
  • RUB (100)3,3986
TOP

Калюга на вулiцы К…

Жыла-была адна Калюга

Жыла-была адна Калюга… Дакладней, ажывала і жыла яна тады, калі падаў з хмараў добры дождж, і рабілася вялікаю, доўгаю, на ўсю шырыню вуліцы, і падобная была да Аральскага мора. Аўтамабілі і аўтобусы, уяжджаючы ў яе, рабілі коламі такія прыгожыя і магутныя пырскі, што пырскі ляцелі на ходнікі і з левага, і з правага боку, абліваючы з ног да галавы пярэхадняў. Пярэхадні, бедныя, былі страшэнна незадаволеныя, асабліва тыя, у прыгожых вопратках, белых штанах і куртачках!

Яны неяк і радыя абыйсці былі гэтае месца на вуліцы, дзе распанюшылася калюга, але іншае дарогі проста не мелася — трэба было альбо хуценька, пакуль транспарт далёка, перабегчы вузкім ходнікам паўз гэтую небяспечную кропішчу, альбо мець надзею на літасць кіроўцы, які, можа, здагадаецца, і не так хутка праз калюгу паедзе, каб пырскі не ляцелі на людзей. Нікаторыя кіроўцы, добрыя душы, то так і рабілі, а нікаторыя, злыдні, як хутка ляцелі, так і ляцелі, не зважаючы на тых, што застылі на ходніку, чакаючы на брудны халодны душ…

А тым часам жыццё навокал не стаяла на месцы — усё мянялася!

Загадчыка абласнога камбіната па нарыхтоўцы бярозавых венікаў С. змяніў новапрыбылы загадчык Ж., а загадчыка Ж. змяніў праз колькі год новы загадчык, той жа С.,а ўжо малыя і меншыя начальнічкі — тыя валіліся з пасадаў, як дахоўкі са страхі, ці як падалкі з галінаў, асабліва ў Лялечным тэатры, дзе другі дырэктар зьмяніў першага, а трэці змяніў другога.

Сьціплы ГрГУ ператварыўся ў месца разрахункаў у стылі Мэйера Ланскі — універсітэцкія вучоныя вербальна і пісьмова разбіраліся паміж сабою, хто разумнейшы, лаяльнейшы і прыстасаванейшы, у выніку чаго нелаяльныя, неразумныя і непрыстасаваныя вымушаныя былі сыходзіць і шукаць іншых месцаў працы. Будаваліся аб’яздныя дарогі, масты, цёплыя сьвінарнікі для свінняў і сьветлыя кароўнікі для кароваў, вешаліся мемарыяльныя дошкі і ставіліся помнікі Русалкам і Жабам, святкаваліся сьвяты сырой Зямлі-Матухны і Нацыянальных Культурных Меншасцяў, адчыняліся консульствы, здзіраўся стары і клаўся новы асфальт, скарачалася колькасць дзіцячых садкоў і павялічвалася лічба пенсіянераў, мясцовыя палякі падзяліліся на Правільных і Няправільных, спарцмены займалі першыя месцы, пападаліся на допінгу і аддавалі мазольна запрацаваныя медалі, прадпрыемствы прадаваліся за даўгі ці банкрутавалі, малапрыдатныя балатаваліся ў дэпутаты, мясцовы рубель то стаяў, то скакаў як зайчык, людзі жаніліся й разводзіліся…

А Калюга жыла сваім індывідуальным жыццём — ад дажджу і да дажджжу, і ёй было глыбока начыхаць на ўсё, што па-за ёю робіцца.У ёй нават улетку завяліся галавасцікі!

Баялася яна толькі аднаго: калі-небудзь прыдуць на вуліцу колькісь там рабочых з інструмантам, пахмеляцца, каб рукі не дрыжалі, праб’юць ламамі раўчук ў ходніку, пакладуць туды дранажную трубу, прысыплюць жвірам, зальлюць зверху якім вядром асвальту — і ўсё! Усё геніяльнае — проста!

А што на гэта Калюга?

А Калюга скажа: «Бывай, Жыццё! Бывай, цёплае месца! Сьцякаю ў Нябыт!»

І сьцячэ, і знікне…

Але дагэтуль ніхто не падзьвігнуўся на такі банальны і просты чын…

Таму жыве па сёняшні час Калюга, і жыць вечна будзе!                                 

Вы спытаецеся, сябры мае, а дзе тая Калюга знаходзіцца?

На вуліцы Яна Каханоўскага, былой Учхозаўскай, у раёне дома нумар пятнаццаць…

Каді ведаеце іншыя адрасы — пішыце!

 

Ваш Антоні гр. Дзевятоўскі

Самое читаемое