У гарвыканкаме далi каментарый наконт «перакошанага» фасаду ў будынку 1880 года

У гістарычным будынку №34 на вуліцы Карла Маркса побач са старымі дзвярыма з’явіліся новыя, пластыкавыя. Яны відавочна не супадаюць па вышыні.

Дзверы вырубілі на месцы акна. На галоўным фасадзе, справа ад аркі, — гістарычны ўваход. Злева праём пакінулі на ўзроўні акна, не дапасаваўшы да вышыні існуючых дзвярэй.

Галоўны спецыяліст аддзела праектных работ упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Штэн не бачыць ніякай крамолы ў выпадку дома на К. Маркса. Ён аргументуе гэта тым, што на фасадзе застаўся ўвесь дэкор. Дзверы вырубленыя строга ў межах акна. Не разбураюцца эстэтычны выгляд дома і тэктоніка.

— Больш тактоўна цяжка прыдумаць, — мяркуе Аляксандр Адамавіч. — Праўда, атрымліваецца, што новыя дзверы крыху вышэйшыя за старыя, але сістэма фасада ад гэтага ніяк не пагаршаецца. Я стаўлюся да гэтага ліберальна, калі знешне будынак не выглядае пачварна. Калі ёсць тэндэнцыя здаваць першыя паверхі пад офісы, уласнікі не маюць іншага выхаду, акрамя як рабіць яшчэ адныя дзверы.
Суседзі па доме кажуць, што былыя гаспадары кватэры перавялі яе ў нежылое памяшканне і плануюць адчыніць там магазін мясных вырабаў.
Дом з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоў-насцю, аб чым паведамляе шыльда. Гісторык Таццяна Касатая расказала, што згодна з дадзенымі БТІ дом пабудавалі ў 1880 годзе, але ў рэчаіснасці, магчыма, што і раней.

Архітэктурны стыль — эклектыка. Уласнікі дома змяняліся, таму ён вядомы сёння пад рознымі імёнамі: як дом Дышкі, дом Шагідзевіча, дом Шошы Браўна. Дышка валодаў яшчэ некалькімі будынкамі ў Гродне, якія здаваў наймальнікам. Пасля пабудовы дома побач (К. Маркса, 36) спадар Дышка пераехаў туды разам з сям’ёй. У 1946 годзе тут была Гродзенская сплаўная кантора.

Нагадаем, што тэндэнцыя вырубаць дзверы ў гістарычных пабудовах пачалася напрыканцы 2012 года і актыўна працягнулася ў мінулым.

 

Чытайце таксама:

Аўтэнтычныя дзверы на Ажэшкі замянілі на пластыкавыя